Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЭМІНАР АПАЗЫЦЫІ Ў ВІЛЬНІ


Сяргей Шупа, Вільня


Як паведамляе газэта «Летувос рытас», у літоўскую сталіцу прыслалі сваіх прадстаўнікоў амаль усе беларускія апазыцыйныя рухі і партыі. Тры беларусы прыехалі з ЗША. Сярод іх — адзін зь лідэраў апазыцыі Зянон Пазьняк.

Кожны, праслухаўшы ўвесь цыкл лекцыяў, стане ў Беларусі інструктарам, здольным навучаць мэтадаў негвалтоўнага супраціву іншых прыхільнікаў апазыцыі.

Пяцідзённы сэмінар называецца «Негвалтоўная барацьба за дэмакратыю і дэмакратычны працэс у Беларусі».

Сэмінар у Вільні для прадстаўнікоў беларускай апазыцыі арганізаваў Фонд Падтрымкі Абароны Грамадзянаў, які ўзначальваюць праваабаронца Стасіс Каўшыніс і былы дэпутат Сойму Аўдрус Буткявічус.

Вучыць беларусаў прыехаў у Літву і кіраўнік амэрыканскага Інстытуту Эйнштэйна, славуты тэарэтык негвалтоўнага супраціву Джын Шарп, які больш за дзесяць гадоў таму кансультаваў і балтыйскія незалежніцкія рухі.

Згаданы амэрыканскі інстытут ужо арганізоўваў сэмінары ў пытаньнях негвалтоўнай абароны для дэмакратаў у Бірме, у Індыі былі зладжаныя курсы для асобаў дэпартаваных з Тыбэту.

Ад 1991 году інстытут кансультаваў вайсковыя структуры Літвы, Латвіі й Эстоніі. Ладзіліся курсы ў пытаньнях выкарыстаньня негвалтоўнай абароны, былі перакладзеныя падручнікі. У 1992 годзе ў Літве выйшла кніга Дж. Шарпа «Грамадзянская абарона».

Паводле Буткявічуса, у Вільні напэўна ня будуць вучыць, як падрываць чыгуначныя масты або вырабляць выбуховыя прыстасаваньні.

«Аднак можна навучыць, як зрабіць так, каб чым найболей людзей пачалі не давяраць уладзе, або каб спэцыялісты стратэгічных галінаў (лекары, фінансісты, юрысты) арганізавана адмаўляліліся ад супрацоўніцтва з дыктатарам», — сказаў А.Буткявічус.

Беларусы таксама будуць вучыцца таму, як падчас канфлікту ў грамадзтве арганізоўваць страйкі, дэманстрацыі ды іншыя акцыі паралізаваньня ўлады. Праца са сродкамі масавай інфармацыі, стварэньне мітаў і іх пашырэньне — таксама важныя складнікі такога змаганьня.

А.Буткявічус прызнаў, што беларускае грамадзтва цяпер выразна арыентаванае на Расею. Бальшыня людзей упэўненая, што лепш цяперашняе становішча і мінімальныя жыцьцёвыя гарантыі, чым рэвалюцыйныя перамены, якія невядома куды прывядуць.

Аднак у Беларусі нямала і прагрэсіўных людзей, якім перамены патрэбныя як паветра. Паводле Буткявічуса, у такой сытуацыі найбольш могуць прыдацца акцыі, падтрыманыя негвалтоўнымі мэтадамі.

Сакратар Літоўскай Асацыяцыі Правоў Чалавека С.Каўшыніс не хавае, што з-за супрацоўніцтва зь беларускай апазыцыяй ён меў сур’ёзныя непрыемнасьці і выклікаў крытыку калегаў за сваю палітычную дзейнасьць.

Таму ён заснаваў Фонд Падтрымкі Абароны Грамадзянаў, адна з афіцыйна зарэгістраваных галінаў дзейнасьці якога — дапамога дэмакратычнаму руху Беларусі.

С.Каўшыніс падкрэсьліў, што зь беларускай апазыцыяй ён супрацоўнічае найперш адчуваючы адказнасьць за Літву.

«Калі нас цікавяць суседзі, мы мусім парупіцца, каб у Беларусі чым хутчэй зьнік той рэжым, які цяпер захапіў уладу,» — сказаў Стасіс Каўшыніс.



XS
SM
MD
LG