Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ - У ЛІДЭРАХ ЧОРНАГА ГАНДЛЮ ЗБРОЯЙ


Ігар Карней, Менск



Апошнімі гадамі Беларусь разам з Расеяй, Кітаем, Бразыліяй ды Паўночнай Карэяй набыла сумнеўны вобраз пастаўшчыка зброі ў найбольш праблемныя рэгіёны сьвету.

Пасьля распаду СССР вялізныя збройныя арсэналы саюзнага Міністэрства абароны аказаліся фактычна не запатрабаваныя. Міжнародныя арганізацыі далі тады Беларусі грошы на канвэрсію, але з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі новае кіраўніцтва ў аднабаковым парадку фактычна прыпыніла гэты працэс. Аргумэнт быў адзіны: навошта зьнішчаць тое, што можна пасьпяхова прадаць.

Але трапіць у шэраг гандляроў аказалася ня так проста. Большасьць патэнцыйных пакупнікоў адмаўляліся ад напаўпадпольных кантрактаў. Прасьцей было кантактаваць з тымі, хто грэбаваў усялякімі прынцыпамі. Найперш гэта тыя рэгіёны, дзе ўвесь час ідуць ваенныя канфлікты.

Шмат якія краіны Афрыкі дзесяцігодзьдзямі ваююць на ўзроўні ледзь не плямёнаў, і попыт на зброю там стабільны. У 1996-м годзе Беларусь прадала ўраду Ўганды чатыры верталёты МІ-24 (дарэчы, тэхніка аказалася няспраўнай, з-за гэтага потым ўспыхнуў двухбаковы канфлікт).

Два аналягічныя верталёты былі адпраўленыя ў Руанду. Праз два гады пяць зьнішчальнікаў МІГ-29 прапісаліся ў Эрытрэі. Значную партыю стралковай зброі набыла Сьера-Леонэ. Візыты Лукашэнкі ў Эгіпет і краіны Блізкага Ўсходу прадугледжвалі таксама й наладжваньне вайсковых кантактаў.

Пэўную цікаўнасьць да зброі мае й Паўднёвая Амэрыка: продаж у 1997-м годзе Пэру вялікай партыі стратэгічных штурмавікоў СУ-25 пры адпаведных умовах можа мець працяг — прынамсі, Эквадор, галоўны апанэнт Пэру ў памежным канфлікце, калісьці выказваў цікавасьць да супрацоўніцтва.

Дакладна вядома, што ваенныя пытаньні разглядаліся й пад час візыту Лукашэнкі на Кубу. Але менавіта блізкаўсходні вэктар многія аналітыкі схільныя лічыць галоўным у наступных кантрактах беларускага кіраўніцтва.

Небясьпека падобных дамоваў у тым, што мусульманскі сьвет, які сымпатызуе чачэнскаму супраціву Маскве, ужо ёсьць галоўным пастаўшчыком зброі чачэнскім баявікам. Дэкляруючы інтэграцыйныя памкненьні, Лукашэнка міжволі можа пераўтварыцца ў забесьпячэнца зброяй ворагаў Крамля.

Асобна ў гэтым сьпісе — выпадкі афрыканскіх кантрактаў беларускіх цывільных лётчыкаў ды арэнда самалётаў. Гуманітарныя рэйсы часта былі адным са сродкаў перакіду жывой сілы ды тэхнікі аднаму з бакоў, што ўдзельнічаў ва ўзброеным канфлікце.

Часам вынікі былі трагічныя. Некалькі гадоў таму ў Анголе быў зьбіты транспартны самалёт зь беларускім экіпажам. Падобным жа чынам рызыкуюць беларускія кантрактнікі ў Мазамбіку й Нігерыі.




XS
SM
MD
LG