Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЧАЎСЯ ФОРУМ У ДАВОСЕ


Мікола Іваноў, Прага


Беларуская дэлегацыя сёлета не запрошаная.

У першы дзень працы Давоскага форуму група вядучых эканамістаў сьвету правяла круглы стол, на якім абмяркоўвалася праблема пэрспэктываў разьвіцьця эканомікі ў 2001 годзе. Галоўны вывад гэтага абмеркаваньня: на пачатку году будзе назірацца кароткатэрміновы эканамічны спад, але агульныя гадавыя паказчыкі будуць пазытыўнымі.

Алан Бліндэр, прафэсар эканомікі Прынстанскага ўнівэрсытэту і былы віцэ-прэзыдэнт Амэрыканскага Цэнтральнага банку выказаў думку, што рост амэрыканскай эканомікі ў 2001 годзе будзе на ўзроўні 2-2,5% ў параўнаньні з 5% летась.

Якуб Фрэнкель, былы старшыня Цэнтральнага банку Ізраілю, цяпер вядучы эканаміст Міжнароднага Валютнага Фонду, таксама лічыць, што агульнага спаду ня будзе, а будзе назірацца толькі скарачэньне вытворчасьці ў некаторых другарадных галінах эканомікі.

Фрэнкель, які цяпер зьяўляецца адным з кіраўнікоў міжнароднай кансалтынгавай фірмы Merrill Lynch, прагназуе, што эканамічнае разьвіцьцё сьвету паскорыцца ў другой палове 2001 году, а наступны год будзе больш удалым.

На думку Фрэнкеля, новы імпульс эканамічнаму разьвіцьцю сьвету дасць паскарэньне інфармацыйных плыняў, больш эфэктыўная рэалізацыя ў жыцьцё новых навуковых дасягненьняў і лепшае рэагаваньне рынку на зьмены манэтарнай палітыкі.

Аднак, іншы ўдзельнік дыскусіі, прафэсар Бонскага ўнівэрсытэту Юрген фон Хаген лічыць малаверагодным, каб Цэнтральны Эўрапейскі банк зьмяніў сваю строгую манэтарную палітыку ў сувязі з небясьпекай інфляцыі. І таму наўрад ці Эўропа здолее замяніць ЗША ў 2001 годзе ў якасьці матору прагрэсу ўсясьветнай гаспадаркі.

Кеннэт Курціс, віцэ-старшыня вядомай кансалтынгавай фірмы “Голдман Сакс у Азіі” прысьвяціў сваё выступленьня пэрспэктывам разьвіцьця японскай эканомікі. На ягоную думку ЗША і Эўропа па-ранейшаму будуць вызначаць манэтарную і фіскальную палітыку. Японія мае толькі адзін шлях для ажыўленьня сваёй гаспадаркі: друк значнай колькасьці новых грошаў. Але гэта прывядзе да рэзкага паніжэньня курсу ены і выкліча інфляцыю ў краіне.

Усе ўдзельнікі дыскусіі на форуме ў Давосе згадзіліся, што вартасьць агульнаэўрапейскай валюты эўра будзе па-ранейшаму расьці ў дачыненьні да даляра і японскай ены ў 2001 годзе. Аднак, даляр па-ранейшаму застанецца найбольш прывабнай валютай для глябальных інвэстараў.





Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG