Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЭС-КАНФЭРЭНЦЫЯ АПАЗЫЦЫІ ПАСЬЛЯ СТРАСБУРГУ


Ягор Маёрчык, Менск

На сустрэчы з журналістамі члены дэлегацыі беларускай апазыцыі Анатоль Лябедзька й Яраслаў Раманчук не хавалі свайго задавальненьня ад вынікаў сэсіі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.

Пра гэта заявіў лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) "Мы ставілі некалькі задачаў сабе. Па-першае, не дапусьціць легітымізацыі вынікаў выбараў у Палату прадстаўнікоў і ў Палату № 2. Па-другое, зафіксаваць стаўленьне Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы да сытуацыі ў Беларусі ў дакумэнтах.

Па-трэцяе, як мага шырэй паінфармаваць структуры Парлямэнцкай асамблеі й Рады Эўропы (самой Рады Эўропы і нацыянальных парлямэнцкіх дэлегацыяў) пра сытуацыю ў Беларусі й пэрспэктывах ейнага разьвіцьця. Мы вельмі задаволеныя, бо наша праграма выкананая, мэты й задачы дасягнутыя практычна на 100%".

Спадар Лябедзька адзначыў, што пасьля разгляду беларускага пытаньня афіцыйная дэлегацыя была расчараваная, і цяпер на пэрспэктывы легітымізацыі на Захадзе гэтак званай Палаты прадстаўнікоў глядзіць без аптымізму.

Эўрапейскія парлямэнтары недвухсэнсоўна заявілі, што пытаньне прызнаньня імі Нацыянальнага сходу можа быць разгледжана толькі ў выпадку правядзеньня ў Беларусі свабодных і дэмакратычных прэзыдэнцкіх выбараў.

Сёньня сябры дэлегацыі распаўсюдзілі неафіцыйны пераклад рэзалюцыі “Аб сытуацыі ў Беларусі”, ухваленай трыма фракцыямі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. З тэксту дакумэнту вынікае, што міжнародныя структуры будуць працягваць назіраньне за разьвіцьцём сытуацыі ў Беларусі.

Эўрапейскія парлямэнтары заклікаюць улады Беларусі “зрабіць усё магчымае дзеля правядзеньня адкрытых, дэмакратычных выбараў, арганізацыі кампаніі назіраньня, ухваленьня выбарчага заканадаўства, якое б адпавядала міжнародным стандартам”.

На пачатку сакавіка краіну наведае гэтак званая Эўратройка, каб прааналізаваць сытуацыю ў Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Анатоль Лябедзька паведаміў журналістам, што на адну з сваіх наступных сэсіяў, а гэта хутчэй за ўсё будзе ў красавіку ці ліпені, Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы мае запрасіць для выступу прадстаўнікоў кандыдатаў на прэзыдэнта.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG