Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАЦІСК НА СКАРЫНАЎСКІ ЦЭНТАР


Валянціна Аксак, Менск


Любоў Уладыкоўская-Канаплянік, дырэктарка Нацыянальнага навукова-асьветнага цэнтру імя Ф.Скарыны, абсурдам назвала абвінавачваньні чыноўнікаў Міністэрства адукацыі ў тым, што сам Цэнтар спрычыніўся да стварэньня цяперашняе складанае сытуацыі. Маўляў, мала навуковых тэмаў распрацоўваюць, таму й грошай мала маюць.

(Уладыкоўская-Канаплянік: ) "Мы маем зараз пры штаце 34 навуковых супрацоўнікі ды 16 навуковых тэм. Гэта страшэнна вялікая лічба ды вялізная колькасьць навуковых напрамкаў. Каб выканаць гэта, каб здаць навуковую справаздачу, трэба працаваць дзень і ноч, ды ўсё гэта за капейкі.

Праблема ў тым, што нават на навуковую тэму, якая праходзіць экспэртызу, якую падтрымала Міністэрства адукацыі ці іншыя міністэрствы, даюць мізэрныя грошы. Прыкладам, сёлета, выконваючы 16 навуковых тэм, мы маем фінансаваньне 50 мільёнаў. Гэта траціна ад таго, што трэба на 2001 год".

Дырэктарка Цэнтру лічыць, што сытуацыя гэтая — вынік нежаданьня міністэрскіх чыноўнікаў прызнаваць унікальнасьць гэтае ўстановы, якая ёсьць ня толькі навуковаю.

(Уладыкоўская-Канаплянік: ) "Скарынаўскі цэнтар цягам дзесяці гадоў ніколі не займаўся толькі навукай. Можа, навуковы аўтарытэт мы здабылі не праз навуковыя дасьледаваньні, а менавіта праз сваю асьветную працу.

Таму сёлета мы плянуем 18 мерапрыемстваў, сярод якіх беларуска-латыскі круглы стол, беларуска-літоўскі круглы стол, беларуска-швэдзкі, беларуска-бэльгійскі, беларуска-польскі, беларуска-польска-украінскі сталы і так далей. Мы рэпрэзэнтуем нашу краіну на міжнародным узроўні. Мы імкнемся стварыць пазытыўны вобраз Беларусі, беларускай нацыі і дзяржавы ў сьвеце".

Але якраз гэты момант дзейнасьці Цэнтру і стаў каменем сутыкненьня з адказнымі дзяржаўнымі асобамі, — лічыць дырэктарка.

(Уладыкоўская-Канаплянік: ) "Найвялікшая праблема зараз у вызначэньні статусу Нацыянальнага навукова-асьветнага цэнтру імя Скарыны. Рэч у тым, што па сутнасьці мы выконваем функцыі Інстытуту краіны. Але мы працуем ня толькі на сыстэму адукацыі, хаця юрыдычна мы зьяўляемся падведамаснай установай, якая падпарадкоўваецца Міністэрству адукацыі.

Дзяржава ня хоча прызнаваць нашага ўнікальнага статусу. Да гэтага часу мы аніяк ня можам вырашыць пытаньня са зьменамі ў статуце. Мы па-ранейшаму застаемся ўстановай Міністэрства адукацыі, але працуем у больш шырокім абсягу, таму Міністэрства адукацыі разглядае нас як нейкі прыдатак. Савет міністраў ня хоча разглядаць пытаньня пра наданьне Цэнтру статусу Інстытуту краіны", — паведаміла Любоў Уладыкоўская-Канаплянік.

Яна ўдакладніла, што чыноўнікі зараз патрабуюць унясеньня зьменаў у статут Цэнтру, што створыць фактычныя перадумовы скасаваньня Цэнтру.

(Уладыкоўская-Канаплянік: ) "На жаль, Міністэрства адукацыі зараз патрабуе ад нас пацьвярджэньня таго, што мы можам максымальна прэтэндаваць на статус адно ўстановы адукацыі. Значыць, Скарынаўскі цэнтар павінен страціць сваю ўнікальнасьць, фактычна прыраўнацца да інстытуту адукацыі, што надалей зробіць непазьбежным зьліцьцё Скарынаўскага цэнтру з інстытутам адукацыі".

Дырэктарка не губляе надзеі знайсьці паразуменьне ва ўрадзе краіны. Але гэта справа не аднаго дня і, каб не згубіць Цэнтар дачасна, яна папрасіла ў Міністэрства адукацыі на сёлетнія гаспадарчыя патрэбы неабходных сродкаў — 120 мільёнаў рублёў. Далі 5 мільёнаў. Таму пэрспэктывы Цэнтру яна ацэньвае пэсымістычна.

(Уладыкоўская-Канаплянік: ) "Не выключаю, што праз колькі месяцаў мы будзем вымушаныя распусьціць людзей, выправіўшы іх у адпачынак. Магчыма нават, што дзеяньне Скарынаўскага цэнтру як суб'екту гаспадараньня будзе спыненае", — паведаміла дырэктарка Нацыянальнага навукова-асьветнага цэнтру імя Францішка Скарыны Любоў Уладыкоўскага-Канаплянік.

І першы сыгнал пра гэтую небясьпеку: трэці дзень супрацоўнікі Цэнтру, як і за часам Скарыны, працуюць пры сьвечках.




XS
SM
MD
LG