Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЭС-КАНФЭРЭНЦЫЯ ЗІМОЎСКАГА


Віталь Цыганкоў, Менск



Інтэрнэт-канфэрэнцыя апошнім часам даволі папулярныя ў беларускай журналістыцы. Гэтая форма камунікацыяў нагадвае звычайнае інтэрвію, толькі пытаньні тут задае не адзін чалавек, а любы карыстальнік Інтэрнэту.

Першым гэткую канфэрэнцыю наладзіў Зянон Пазьняк, потым у фармаце "рэальнага часу" на пытаньні наведнікаў Інтэрнэту адказвалі на розных сайтах Вінцук Вячорка, Аляксандар Фядута, Сяргей Дубавец, Сямён Домаш ды іншыя.

Апошнім часам узяла гэты жанар на ўзбраеньне й "Белорусская газета". Сёньня днём на Інтэрнэт-старонцы гэтага выданьня на пытаньні адказваў вядучы праграмы "Рэзананс", намесьнік кіраўніка Беларускай тэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі.

Гэты неадназначны факт я абмеркаваў з палітычным аглядальнікам нашага Радыё Валерам Карбалевічам.

(Цыганкоў: ) "Валер, ці можна лічыць удалым і абгрунтаваным выбар суразмоўцы, які зрабіла “БГ”? Якія матывы былі ў журналістаў газэты, калі запрашалі Зімоўскага?"

(Карбалевіч: ) "Мэта гэткая, як у іншых газэтаў — павелічэньне папулярнасьці, імкненьне да сэнсацыйнасьці. І журналісцкая справа часам прадугледжвае інтэрвію з найагіднейшымі асобамі — сэрыйнымі забойцамі, злачынцамі і так далей. Гэта таксама элемэнт журналістыкі.

Праўда, тут можа быць нейкая журналісцкая дамова. Прыкладам, у Расеі быў час, калі існавала дамова паміж журналістамі не запрашаць на тэлевізію Жырыноўскага. Я разумею, што незалежныя беларускія журналісты падобных дамоваў ня маюць.

Таму кожная газэта сама вырашае пытаньні журналісцкай этыкі, думае, ці запрашаць ёй таго ці іншага журналіста, якога грамадзкая думка разглядае як непрыемную асобу".

(Цыганкоў: ) "Сапраўды, такой дамовы няма. Мо, шкада, што няма, таму што гэтыя пытаньні: з кім варта размаўляць, з кім не, каму падаць руку, каму не — кожная рэдакцыя вырашае на свой густ, на сваё сумленьне.

Я прыгадаю вось што. Штогод пры канцы сьнежня Міністэрства замежных справаў ладзіць фуршэты для акрэдытаваных журналістаў. Туды прыходзяць як акрэдытаваныя замежныя журналісты, гэтак і беларускія — незалежныя і прадстаўнікі дзяржаўнай прэсы.

Апошнімі гадамі ўсё выглядае так: прадстаўнікі недзяржаўнай прэсы па адзін бок фуршэтных сталоў, а журналісты зь дзяржаўных СМІ — па другі бок. Асабліва выразна бачна, як ізаляваныя супрацоўнікі Беларускага тэлебачаньня.

Мне здаецца, "Белорусская газета" сваім рашэньнем зладзіць канфэрэнцыю зь Зімоўскім як бы легалізавала яго для журналісцкай супольнасьці. Ёсьць жа некаторыя людзі, якіх большасьць журналістаў выключаюць з сваёй супольнасьці, бо лічаць, што яны — прадстаўнікі іншай прафэсіі. Многія кажуць, што й Зімоўскі не журналіст.

Выходзіць, "Белорусская газета" запрасіўшы Зімоўскага, прызнала яго за нашага калегу. Я ж не лічу яго калегам ані ў прафэсійным, ані ў маральным аспэкце".

(Карбалевіч: ) "У Беларусі даволі рэдкая сытуацыя, калі палітычнае разьмежаваньне супадае з разьмежаваньнем маральна-этычным. Сытуацыя гэта даволі рэдкая, і яна зьвязаная з сутнасьцю беларускага палітычнага рэжыму. У іншых краінах гэткага яскравага разьмежаваньня няма".

(Цыганкоў: ) "Калі казаць пра ролю гэтага інтэрвію, дык ня ведаю, ці такую мэту ставілі сабе журналісты "Белорусской газеты", але Зімоўскі ў сьвядомасьці людзей, якія яго ня любяць, — нешта кшталту баксэрскай грушы. Чалавек, у якога можна кінуць тэпцем, гэтак сваё нэгатыўнае стаўленьне да ўлады выказаць.

Здаецца, тое ж мы маглі назіраць сёньня пад час Інтэрнэт-канфэрэнцыі, калі большасьць удзельнікаў канфэрэнцыі вельмі нэгатыўна паставіліся да Зімоўскага ды імкнуліся неяк яго абразіць.

Думаю, Зімоўскі выкарыстае гэтую падзею і ў сваёй праграме "Рэзананс". Ён паспрабуе ізноў прадставіць гэтую частку беларускага грамадзтва як людзей агрэсіўных ды некультурных, неадукаваных.

Валер, ці ня думаеце, што "Белорусская газета" памылілася з гледзішча маралі й палітыкі, запрасіўшы Зімоўскага на сваю Інтэрнэт-канфэрэнцыю?

(Карбалевіч: ) "Тут сапраўды ўзьнікла рэдкая сытуацыя, калі людзі змаглі сказаць пра Зімоўскага ўсё, што яны пра яго думаюць. Такая нагода рэдка калі бывае.

Як можа выкарыстаць Зімоўскі гэтую канфэрэнцыю ў сваіх перадачах? Я ня ўпэўнены, што ён гэта выкарыстае, бо якому ж чалавеку прыемна публічна гаварыць, што пра яго людзі кажуць? Любы чалавек, той жа Зімоўскі, мае добрае ўяўленьне пра сябе, і публічна дэманстраваць, што людзі яго неяк брыдка называюць, — ня думаю, што ён на гэта адважыцца.

Зрэшты, "Белорусская газета" таксама можа выкарыстаць гэта, надрукаваўшы ў сябе канфэрэнцыю, дзе можа падаць тыя словы й ацэнкі, што даваліся. Таму гэта двухбаковавострая зброя — хто ад гэтага выйграе, хто прайграе, адразу сказаць нельга".



XS
SM
MD
LG