Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТАРАВОЙТАВУ ВЯРНУЛІ ДАЧУ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Кіраўскі раённы суд паставіў кропку ў гісторыі падзелу маёмасьці Васіля Старавойтава. Днямі лецішча ў Крыме суд пастанавіў перадаць былой жонцы былога старшыні “Рассвету” Іне Старавойтавай.

Дакумэнты пра спыненьне продажу лецішча з аўкцыёну накіраваныя кіраўскай судзьдзёй Надзеяй Чмарай у адпаведныя інстанцыі Ўкраіны й Крыму.

Маёмасьць, якая адышла Іне Старавойтавай, суд ацаніў прыблізна на 5 000 даляраў. Гэта трохпакаёвая кватэра ў пасёлку Абрыкосаўка непадалёк ад Фэадосіі, мэбля ў ёй, а таксама частка акцыяў былой акцыянэрнай гаспадаркі “Рассвет”. Кіраўскі суд задаволіў прэтэнзіі Іны Старавойтавай на гэтую маёмасьць, паколькі яна была нажытая разам з Васілём Старавойтавым за часам іхнага сумеснага жыцьця.

Хаця сам Васіль Старавойтаў на лецішча правоў ужо ня мае і не прэтэндуе на яго, рашэньне Кіраўскага суду ён ўсё ж вітаў.

(Старавойтаў: ) "Тое, што лецішча ў Крыме вяртаецца да сям'і — добра. Што з таго, што гаспадар ня я? Ня мае значэньня. Гэта ж былая мая жонка, дзеці могуць туды ехаць адпачываць. Так бы незаконна пагасілі лецішчам пазыкі тыя — і якая б мне карысьць?"

Старавойтаў мае дзьве дачкі й чацьвёра ўнукаў. Пасля затрыманьня Васіля Старавойтава судовы перасьлед спазналі сем'і абедзьвюх дачок былога старшыні “Рассвету” — да ўмоўнага пакараньня была асуджаная дачка Тацяна; абодва зяці атрымалі розныя тэрміны зьняволеньня.

Цяпер яны ўжо на волі. Сям'я старэйшай дачкі Старавойтава Натальлі, якая раней узначальвала "рассветаўскі" банк, зьехала ў Маскву. Час ад часу ў Мышкавічы, дзе жыве Старавойтаў, да яго прыяжджаюць унукі, і цяпер дзядуля спадзяецца, што гэтыя наведваньні будуць часьцейшымі, бо ўнукі змогуць карыстацца ягоным былым лецішчам у Крыме. Сам Васіль Старавойтаў кажа, што езьдзіць туды не зьбіраецца.

Экс-старшыня “Рассвету” адмовіўся камэнтаваць зьмены ў стаўленьні да ягонага лёсу, якія апошнім часам дэманструе судзьдзя Надзея Чмара. Нагадаю, менавіта яна ачольвала судовую калегію, што асудзіла Старавойтава на трохгадовае зьняволеньне.




Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG