Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СКАРЫНАЎСКАМУ ЦЭНТРУ АДКЛЮЧЫЛІ СЬВЯТЛО


Валянціна Аксак, Менск



Электрычнасьць адключылі, як сказаў нам загадчык аддзелу Цэнтру прафэсар Адам Мальдзіс, з прычыны запазычанасьці па арэнднай плаце. Гэтак выйшла з-за хранічнага дзяржаўнага недафінансаваньня празь Міністэрства адукацыі, да якога належыць Цэнтар. У гэтым, на думку начальніка ўпраўленьня навукі Алега Рэута, вінаватыя самі супрацоўнікі Цэнтру.

(Рэут: ) "Ужо некалькі гадоў фінансаваньне навуковых установаў робіцца паводле пададзеных імі заявак на пэўныя навуковыя тэмы, якія прайшлі экспэртны адбор.

Раней было так: адчынялася нейкая навуковая ўстанова, дасьледчы інстытут ці навуковы цэнтар, набіраўся штат супрацоўнікаў, і на іхную працу выдаткоўваліся грошы. Цяпер жа ад навукоўцаў мы атрымліваем тэматычныя заяўкі, разглядаем іх і прызначаем фінансаваньне. Вось гэта і ёсьць асноўнай праблемай", — сказаў спадар Рэут і дадаў, што супрацоўнікі Скарынаўскага цэнтру мала ўдзельнічаюць у абвешчаных конкурсах тэмаў.

Замест гэтага кіраўніцтва Цэнтру, маўляў, спачатку пашырае штат супрацоўнікаў, а потым піша міністру адукацыі просьбу даць ім грошы на заробак. А так цяпер, маўляў, ня робіцца. Са словаў спадара Рэута, ёсьць яшчэ адна праблема, зьвязаная зь фінансаваньнем Скарынаўскага цэнтру.

(Рэут: ) "Калі б гэта была нейкая навучальная ўстанова, то ёй бы выдзялялі грошы на аплату электрычнасьці, арэнды будынку ды іншыя выдаткі па ўтрыманьні.

А навуковая ўстанова мусіць браць грошы на гэта са сродкаў, якія атрымлівае на навуковыя мэты. Калі, да прыкладу, на тэму выдзелена 10 мільёнаў рублёў, то 6 зь іх пойдзе на гаспадарчыя выдаткі і толькі 4 застанецца на заробкі навукоўцаў".

Атрымліваецца, што чым менш навуковых тэмаў распрацоўвае Цэнтар, тым менш у яго грошай на гаспадарчыя патрэбы. Але нават тыя, што атрыманыя, зьядае інфляцыя. Да прыкладу, аддзел спадара Мальдзіса атрымаў грант на сёлетнюю тэму паўгода таму. За гэты час у выніку інфляцыі рэальная сума скарацілася напалову. А год яшчэ толькі пачаўся. Спадар Мальдзіс мяркуе, што супрацоўнікі аддзелу маюць сродкі толькі на адзін квартал.

Ці азначае гэта, што паўстала пагроза закрыцьця Скарынаўскага цэнтру? Начальнік упраўленьня навукі Міністэрства адукацыі лічыць, што не.

(Рэут: ) "Пра закрыцьцё Цэнтру няма гаворкі. Адзінае, трэба перагледзець штаты. Трэба спыніцца й падумаць, ад каго няма аддачы, то што ж…

Зараз ва ўсіх установах такая сытуацыя. У любой навуковай лябараторыі. Кантрактная сыстэма найму супрацоўнікаў на пэўную тэму. Скажам, на тры гады. Але гэта ня значыць, што й надалей яму будзе гарантаваная гэтая праца. Калі ён сам ня знойдзе сабе фінансаваньня… То што ж… Жыцьцё такое зараз у нас".

Тымчасам супрацоўнікі Нацыянальнага навукова-асьветнага цэнтру імя Францішка Скарыны другі дзень працуюць пры сьвечках.




Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG