Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Article 2001-01-23


Ганна Соусь, Менск

Пяць гадоў таму мянчук Ігар Сямёнаў езьдзіў на запрашэньне свайго сябра ў Амэрыку. Знаходзіўся ён у ЗША дзесьці паўгода, жыў у Філядэльфіі. Тады ж зь ім адбыўся неверагодны й даволі небясьпечны выпадак. Яго й ягонага сябра арыштавалі як падазраваных у забойстве жанчыны, якую знайшлі мёртвай недалёк ад іхнае кватэры.

(Сямёнаў: ) "Выйшла так, што ў нашым пакоі калісьці была жанчына, якая пазьней была забітая. І тады нас забралі ў амэрыканскую турму. Затрымлівалі, як у амэрыканскіх фільмах — зь пісталетамі й гэтак далей.

Але фізычнага ўзьдзеяньня не было, нас ня білі. Далі магчымасьць апрануцца, потым нам начапілі кайданкі, пасадзілі ў машыну й прывезьлі ў паліцэйскі пастарунак.

Пэўны час я там сядзеў у камэры. Яна была разьлічаная на двух чалавек. Была прыбіральня, была мыйня, былі ложкі. Празь некалькі гадзінаў мяне перавялі ў пакой для сьледчых. Тым былі стол, друкарка ды два крэслы, уся мэбля прыкручаная да падлогі".

Ігар Сямёнаў кажа, што ён быў вельмі разгублены, бо ня ведаў ангельскае мовы ды наогул — яго падазравалі ў забойстве. Есьці яму не далі, прапанавалі толькі “кока-колу” ды цыгарэты.

(Сямёнаў: ) "Я сказаў, што не разумею іхных запісаў, бо ня ведаю ангельскае мовы, і жадаў бы мець чалавека, якому б я давяраў.

Мне дазволілі, каб да мяне прыйшоў мой сябар, які ведаў ангельскую мову. Ён усё й перакладаў. Потым я спраўдзіў усе мае сьведчаньні, падпісаў, ды іх даслалі пракурору па факсе”.

Неўзабаве пракурор прачытаў Ігаравы сьведчаньні й вырашыў, што яго ня варта трымаць за кратамі. Усяго спадар Ігар правёў у пастарунку блізу сутак.

Ён таксама папрасіў аднаго з паліцыянтаў дапамагчы забраць ягоныя рэчы з кватэры, якая ўжо была апячатаная. Была нядзеля, але паліцыянт хутка вырашыў праблему. Цяпер, згадваючы той страшны дзень у Амэрыцы, Ігар Сямёнаў зьдзіўляецца, як хутка й прафэсійна дзейнічалі амэрыканскія паліцыянты ды сьледчыя.

(Сямёнаў: ) "У нас бы гэтак не было. Я мяркую, што я доўга б сядзеў за кратамі, калі б у нас адбылася падобная сытуацыя. Амэрыканцы разабраліся хутка, якасна й прафэсійна. І што мне спадабалася, без аніякага фізычнага ўзьдзеяньня і аніякіх пагрозаў".

Праз пэўны час спадар Сямёнаў выступіў як сьведка ў судзе. Ягонаму сябру пашэнціла меней. Яго пратрымалі за кратамі да суду некалькі месяцаў. Але судзьдзя вырашыла, што ён таксама невінаваты ў забойстве жанчыны, і яго вызвалілі. Дарэчы, сапраўднага забойцу тады так і не знайшлі.
XS
SM
MD
LG