Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Article 2001-01-23


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Улады Беларусі нарэшце вызначыліся са скарачэньнем міліцыянтаў у краіне. На 5 000 чалавек — гэтая лічба была названая на ўчорашняй нарадзе ў А.Лукашэнкі з удзелам міністра ўнутраных справаў Ўладзімера Навумава й кіраўніка Рады бясьпекі Ўрала Латыпава.

Гэтыя начальнікі кажуць, што скароцяць 5 000 супрацоўнікаў міліцыі — гэта прыкладна 4% ад афіцыйнай колькасьці міліцыянтаў і службоўцаў унутраных войскаў. Міністэрства ўнутраных справаў вызначае агульную колькасьць міліцыянтаў як 75 000 чалавек.

Між тым, незалежныя экспэрты называюць значна большую лічбу й кажуць, што заплянаванае скарачэньне — ня больш як перадвыбарчы фарс, накіраваны на тое, каб запэўніць выбаршчыкаў, што выдаткі на ўтрыманьне дзяржаўнага апарату меншаюць.

Паводле падлікаў генэрал-лейтэнанта міліцыі ў адстаўцы Мечыслава Грыба, сёньня міністру Навумаву падпарадкавана ня менш як 120 000 чалавек . Генэрал Грыб згодны, што гэткую армію міліцыянтаў трэба скарачаць, ды моцна. Заплянаванае ўладай нязначнае скарачэньне М.Грыб тлумачыць найперш палітычнымі прычынамі.

(Грыб: ) "Я думаю, ім трэба нешта паказаць перад выбарамі на прэзыдэнта. Ды ўрэшце ж і грошы трэба неяк эканоміць. Штогод бюджэт на ўтрыманьне органаў унутраных справаў павялічваецца. Органы ўнутраных справаў цяпер большыя за органы Міністэрства абароны ў паўтара-два разы. Дзе ж такое было, калі?"

Паводле спадара Грыба, у краіне 9 розных службаў займаюцца апэратыўна-вышуковай дзейнасьцю. Фактычна пільнуюць адна адну. Некалькі структураў, што паўтараюць адна адну, ёсьць і ў міліцыі, але патрэбнага выніку няма. Злачыннасьць за год вырасла, прычым, адзначае генэрал, вырасла яна й сярод міліцыянтаў, чаго раней амаль не было.

(Грыб: ) "На супрацоўнікаў міліцыі завялі 116 крымінальных справаў за год. У наш час, калі ў вобласьці была адна ці дзьве крымінальныя справы на супрацоўнікаў органаў унутраных справаў — гэта ж быў скандал. Гэта ж было надзвычайна, начальнікаў здымалі з пасадаў!"

Коштам якіх структураў адбудзецца скарачэньне? Афіцыйныя крыніцы адказу на гэтае пытаньне не даюць. Прэсавая сужба Міністэрства ўнутраных справаў накіроўвае журналістаў ў Раду бясьпекі, дзе, паводле міліцыянтаў, і нарадзілася ідэя скарачэньня.

Аднак і ў Радзе бясьпекі не змаглі патлумачыць плянаў вышэйшага кіраўніцтва. Адказалі, што пакуль аніякіх дакумэнтаў ня маюць.

М.Грыб лічыць, што скарачэньне трэба пачынаць з частак унутраных войскаў ды цэнтральнага апарату міністэрства, а ўжо потым зьменшыць непасрэдна міліцэйскія сілы. Але, на думку спадара Грыба, улады пойдуць іншым шляхам, які гарантуе недатыкальнасць тых структураў, на якіх трымаецца рэжым.

(Грыб: ) "Думаю, гэта будзе датычыцца міліцыі, а калі ўнутраныя войскі неяк закране, дык гэта будуць гаспадарчыя падразьдзяленьні, фінансавыя, а баявыя адзінкі захаваюцца.

Нармальна як? Калі моцна пагаршаецца апэратыўны стан, шмат злачынстваў — трэба бараніць людзей. Трэба павялічыць сродкі на гэтую службу й колькасьць людзей, што там працуюць. Гэта вытлумачальна. А потым, калі дасягнулі перавагі, трэба скарачаць, бо непатрэбныя адзінкі ня будзе ніхто ўтрымліваць.

У нас жа зьменаў аніякіх няма, злачыннасьць не скарацілася, а павялічылася, калі параўнаць зь мінулым годам. Гэта папросту папулісцкі крок".

(Карэспандэнт: ) "Вы не выключаеце, што па выбарах гэтае скарачэньне ізноў кампэнсуецца?"

(Грыб: ) "Абсалютна не выключаю. У нашай дзяржаве я нічога не выключаю".

Гэтак лічыць генэрал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб, які ў 1980-х гадох ўзначальваў віцебскую абласную міліцыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG