Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 22 студзеня 2001 г.


Валер Каліноўскі, Стразбург

Яшчэ адзін наш карэспандэнт у Старзбургу Валер Каліноўскі прысутнічаў на сёньняшнім паседжаньні Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы і сачыў за хадой падзеяў на ім.

Каторы год паседжаньні ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы пачынаюцца з дэбатаў аб сытуацыі ў Чачні. Летась у красавіку Парлямэнцкая асамблея на знак пратэсту супраць вайны ў Чачні пазбавіла расейскую дэлегацыю права голасу. Сёньня пытаньне аб паўнамоцтвах новай расейскай парлямэнцкай дэлегацыі зноў паўстала.

Як зазначыў прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі лёрд Рассэл-Джонсан, на яго погляд, падыходы расейскай Дзярждумы да сытуацыі ў Чачні зьмяніліся. Дума арганізавала летась слуханьні па Чачні. Дакладчык ад Парлямэнцкай асамблеі па Чачні лёрд Джад толькі што вярнуўся з гэтай гарачай кропкі і ў сваім дакладзе, у прыватнасьці, адзначае, што Расея па-ранейшым дзейнічае ў Чачні мэтадамі, якія па-за стандартамі Рады Эўропы. Лёрд Джад лічыць, што Расея мае забясьпечыць чачэнскаму народу свабодныя ўмовы для выбараў кіраўніцтва.

(Рассэл-Джонсан: ) "Працягваюцца сумныя паведамленьні аб забойствах як расейскіх вайскоўцаў, так і чачэнцаў. Сытуацыя ў Чачні працягвае выклікаць нашую заклапочанасьць. Вайна зьмяніла свой характар, але да яе завяршэньня яшчэ далёка".

На мінулым тыдні рада міністраў Рады Эўропы запрасіла Армэнію ды Азэрбайджан стаць паўнапраўнымі сябрамі гэтай уплывовай міжнароднай арганізацыі. На думку Рассэла-Джонсана, адначасовае прыняцьцё гэтых краінаў павінна палепшыць сытуацыю ў рэгіёне.

(Рассэл-Джонсан: ) "Рада Эўропы, такім чынам, стане налічваць 43 дзяржавы-сябры. Працэс пашырэньня нашай арганізацыі набліжаецца да завяршэньня. Толькі чатыры эўрапейскія краіны – Манака, Босьнія і Герцагавіна, Югаславія ды Беларусь – пакуль яшчэ не далучыліся да нас. Мы можам толькі спадзявацца, што момант іх прыняцьця таксама настане, але гэта залежыць ад іх самі, у прыватнасьці, ад трох апошніх, ад іх прагрэсу ў дасягненьні дэмакратычных стандартаў".

На гэтай сэсіі будзе разглядацца пытаньне аб наданьні Югаслаавіі статусу спэцыяльна запрошанага.

XS
SM
MD
LG