Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 22 студзеня 2001 г.


Алесь Горбач, Баранавічы

У дзіцячых садках Баранавічаў — катастрафічнае становішча з харчаваньнем. Гарадзкое ўпраўленьне адукацыяй ня мае сродкаў, каб забясьпечыць дзяцей самым неабходным харчам.

Яшчэ летась дашкольныя навучальныя ўстановы Баранавічаў увесь час адчувалі перабоі з харчаваньнем. З пачаткам новага году становішча ня толькі не палепшылася, а наадварот — многія дзіцячыя садкі апынуліся на мяжы выжываньня. Некаторым садкам у студзені яшчэ ні разу не прывезьлі харчоў, таму давялося "падскрабаць" усе леташнія запасы.

Прыкладам, у садку № 53 яшчэ ў сярэдзіне гэтага месяцу скончыліся мяса, масла, цукар, замест цукру давалі штучны мёд. Дзяцей давялося карміць рознымі кансэрвамі. Многія бацькі кажуць, што дзеці ня хочуць цяпер хадзіць у садок, забіраць іх адтуль даводзіцца як мага раней, бо прыходзяць дахаты яны галодныя.

Загадчык гарадзкога аддзелу адукацыі Ігар Стасевіч тлумачыць праблему нястачай фінансавых сродкаў. Зь ягоных словаў, упраўленьне адукацыяй мае запазычанасьць па харчах перад дашкольнымі ўстановамі на 41 мільён рублёў, 42 мільёны — запазычанасьць перад школамі.

Акрамя таго, запазычанасьць па заробках настаўнікаў складае яшчэ даволі салідную лічбу — 250 мільёнаў рублёў.

У канцы мінулага тыдня сытуацыя з харчаваньнем у дзіцячых садках гэтак абвастрылася, што гарадзкому ўпраўленьню адукацыі тэрмінова давялося браць пільныя захады. І сёньня становішча хоць нязначна, але палепшылася.

Застаецца толькі дадаць, што ў гэты час ва ўладных кабінэтах Баранавічаў усур'ёз размаўляюць пра будаўніцтва ў горадзе лядовага палацу.

XS
SM
MD
LG