Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 студзеня 2001 г.


Сяргей Навумчык, Прага

Арышт у міжнародным нью-ёркскім аэрапорце дзяржаўнага сакратара гэтак званага "саюзу Беларусі і Расеі" Паўла Барадзіна, якога швэйцарская пракуратура падазрае ў адмываньні грошай, прыцягвае ўвагу сусьветнай прэсы.

Днямі гішпанская газэта El Pais зьмясьціла артыкул, у якім аналізуецца вэрсія, што Паўла Барадзіна "здаў" ніхто іншы, як расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін, якому не падабалася занадта фамільярнае да яго, Пуціна, стаўленьне Барадзіна і сяброўства з санкт-пецярбурскім губэрнатарам Якаўлевым. Вэрсія, праўда, газэта ацэньвае ня больш як "арыгінальную", прадкрэсьліваючы, што на амэрыканскае правасудзьзе палітычныя інтарэсы каго б там не было паўплываць ня здольныя.

Але выглядае, што для амэрыканскай фэміды пасада цяперашняга вязьня Бруклінскай турмы ня мела ніякага значэньня.

Барадзіна б затрымалі незалежна ад таго, ці быў бы ён у афіцыйнай дэлегацыі, ці індывідуальна. Быў бы ён заўгасам Крамля, дзяржсакратаром так званага саюзу ці кімсьці іншым – для амэрыканскай фэміды ня мае ніякага значэньня.

Цяпер расейскія сродкі масавай інфармацыі вылучаюць розныя вэрсіі затрыманьня Барадзіна, сярод якіх – помста з боку Захада за перасьлед кіраўніка «Мэдыя- Мост» Гусінскага, адказ Амэрыкі на судовы працэс над Эдмандам Поўпам, нарэшце, імкненьне ЗША паставіць на месца Расею.

Уяўляецца, што ўсё гэта – ня больш чым вэрсіі. Ніякі высокапастаўлены амэрыканскі чыноўнік, хоць бы і сам прэзыдэнт, ня можа загадаць арыштаваць ні ў чым не вінаватага чалавека. Роўна як і ня можа ён загадаць сьледчаму, пракурору ці судзьзі вызваліць з-пад арышту таго, хто падазраецца ў злачынстве. Вынікам такога ўмяшальніцтва ў судовы працэс непазьбежна будзе скандал, сьледства і прысуд чыноўніку любога рангу.

Была асоба, якая падазраецца ў злачынстве. Быў запыт швэйцарскай пракуратуры да ЗША, якія маюць са Швэйцарыяй дамову аб прававой дапамозе, і ёсьць амэрыканскае заканадаўства, якое абавязвае інспэктараў эміграцыйнай службы і супрацоўнікаў ФБР выканаць гэтае пагадненьне. Вось і ўсё.

Вынікі гэтага арышту, канешне, будуць мець палітычны характар, але, падаецца, меў ён выключна прававыя падставы.

А якія ж будуць прававыя наступствы? Карэспандэнт нашага радыё ў ЗША Дон Жілл папрасіў выказацца экспэрта ў справе міжнароднага права, прафэсара Энтоні д'Аматто.

Найперш, прафэсар д'Амато зьвярнуў увагу на тое, што апошнім часам працэдура выдачы прыцягнула да сябе ўвагу сусьветнай грамадзскасьці ў сувязі са справай былога чылійскага дыктатарав Аўгуста Піначэта.

Прафэсар нагадаў асноўны прынцып міжнароднага права ў дачыненьні да тых, хто падазраецца ў злачынстве:

(Д'Амато: ) «Павінна быць гарантыя, што асоба прадстане перад судом на сваёй радзіме альбо ў іншай краіне».

Пасьля арышту наступная працэдура – судовыя слуханьні, пад час якіх высьвятляецца, найперш, ці сапраўды затрыманая асоба – менавіта тая, якую шукаюць. Акрамя таго, вывучаецца абгрунтаванасьць абвінавачаньня аб выдачы, а таксама, ці не зьяўляецца гэтае абвінавачаньне вынікам палітычнага перасьледу. Нагадаем, што два гады таму менавіта факт палітычнага перасьледу стаў падставай для Варшаўскай судовай інстанцыі ў адмове на патрабаваньне беларускай пракуратуры выдаць бізнэсоўца Аляксандра Пупейку.

Існуе яшчэ адна істотная акалічнасьць – злачынства, у якім абвінавачваюць затрыманую асобу, павінна быць прызнанае ў абедзьвюх краінах менавіта як злачынства, а не як правапарушэньне.

Нарэшце, краіна можа ня выдаць асобу, калі ў краіне, якая дамагаецца выдачы, прадугледжваецца занадта жорсткае пакараньне за ўчыненае злачынства. Напрыклад, нагадвае прафэсар д'Амато, ёсьць прыклады, калі эўрапейскія краіны адмаўляліся выдаваць Злучаным Штатам злачынцаў, якім, паводле амэрыканскага заканадаўства, пагражала сьмяротнае пакараньне. Як вядома, краіны Эўропы скасавалі пакараньне сьмерцю.

Відавочна, што ні пад адну з вышэйпералічаных катэгорыяў не трапляе Павал Барадзін.

XS
SM
MD
LG