Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 студзеня 2001 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Прадстаўнікі апазыцыі пачалі падрыхтоўку да стварэньня рэгіянальных перадвыбарчых штабоў дэмакратычнай кааліцыі. У нядзелю ў Менску адбылася нарада актывістаў з 22 буйных гарадоў Беларусі — яны, відаць, увойдуць у перадвыбарчыя штабы адзінага кандыдата на прэзыдэнта ад дэмакратычных сілаў.

У гэтай нарадзе бралі ўдзел сябры рэгіянальных арганізацыяў БНФ, АГП і фракцыі "За адзінства" Сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада". Гэта людзі, што леташняй восеньню арганізоўвалі кампанію байкоту выбараў у гэтак званую Палату прадстаўнікоў.

Сход апазыцыйных актывістаў наладзіў і правёў колішні каардынатар кампаніі байкоту ў рэгіёнах, намесьнік старшыні БНФ Віктар Івашкевіч. На ягоную думку, сёлетняя прэзыдэнцкая кампанія будзе больш маштабная й складаная за леташні байкот ды рыхтавацца да яе трэба зараз.

Каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў яшчэ не назвала прозьвішча адзінага кандыдата на прэзыдэнта, таму апазыцыйныя актывісты вырашылі заняцца агульнай падрыхтоўкай да кампаніі. Гаворыць Віктар Івашкевіч:

(Івашкевіч: ) "Выбарчы штаб кандыдата стварае кандыдат. Але ў Сэрбіі былі выбарчы штаб кандыдата й палітычная кааліцыя дэмакратычных сіл, і гэтыя структуры супрацоўнічалі. Ёсьць пэўныя работы, што дэмакратычнай кааліцыі трэба будзе выконваць незалежна ад таго, хто будзе адзіным кандыдатам і з каго будзе складацца ягоны цэнтральны выбарчы штаб".

Апазыцыйныя актывісты з Горадні, Берасьця, Гомеля, Магілёву ды іншых буйных гарадоў Беларусі будуць рыхтаваць спэцыяльныя групы назіральнікаў, сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў, ствараць сетку валанцёраў-агітатараў, людзей, што будуць зьбіраць подпісы за адзінага кандыдата.

Паводле Віктара Івашкевіча, усе актывісты, якія згадзіліся ўвайсьці ў рэгіянальныя штабы дэмакратычнай кааліцыі, жадаюць як мага хутчэй пачаць працаваць.

Удзельнікі нарады былі незадаволеныя тым, што Каардынацыйная рада аніяк ня можа вызначыцца з адзіным кандыдатам на прэзыдэнта, але лічаць, што дзеля падрыхтоўкі будучых сябраў камісіяў ці назіральнікаў прозьвішча гэнага кандыдата ведаць ім зусім неабавязкова.

Пасьля таго, як Каардынацыйная рада ці Кангрэс дэмакратычных сілаў вызначацца, рэгіянальныя штабы кааліцыі будуць ператвораныя ў штабы кандыдата. В.Івашкевіч таксама паведаміў, што неўзабаве пачнецца падрыхтоўка да стварэньня штабоў кааліцыі і ў іншых гарадах Беларусі, бо для пасьпяховага правядзеньня сёлетняй выбарчай кампаніі апазыцыі спатрэбіцца ня менш за 30 тысячаў актывістаў.

Пытаньне наконт рэгіянальных штабоў на наступным паседжаньні разгледзіць і Каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў.

XS
SM
MD
LG