Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 студзеня 2001 г.


Юры Сьвірко, Менск

Пакуль кіраўніка КНГ АБСЭ ў Менску Ганса-Георга Віка няма ў Беларусі, Міністэрства замежных справаў Беларусі запрасіла да сябе эўрапейскіх амбасадараў, каб паінфармаваць іх пра стаўленьне беларускіх уладаў да АБСЭ. Новы амбасадар Італіі ў Беларусі Стэфана Бэнацца на сустрэчы ня быў, бо яшчэ не пасьпеў прыехаць у Менск.

У той самы дзень, калі кіраўнік Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі знаходзіцца ў Бухарэсьце, а ягоны намесьнік Мішэль Рывалье — у Страсбургу, беларускае Міністэрства замежных справаў вырашыла сустрэцца з амбасадарамі краінаў Эўразьвязу ў Менску.

Першы намесьнік міністра Сяргей Мартынаў паведаміў эўрапейскім дыпляматам пра пазыцыю Беларусі ў дачыненьні да АБСЭ і ейнае групы ў Менску. Пра зьмест сустрэчы распавёў прэсавы сакратар МЗС Павал Латушка.

(Латушка: ) "Пад час сустрэчы абмяркоўваліся пытаньні кантактаў і адносінаў Беларусі з Эўразьвязам, а таксама праблематыка АБСЭ", — сказаў спадар Латушка, не дэталізуючы гэтай "праблематыкі АБСЭ".

Але адзін з эўрапейскіх амбасадараў, які папрасіў не называць ягонага прозьвішча, паведаміў, што ў часе сустрэчы нічога новага яны ад спадара Мартынава не пачулі.

Гэны амбасадар нагадаў, што праблематыка АБСЭ зьявілася ў Беларусі 2 месяцы таму, і сказаў, цытую: "Мы нічога не абмяркоўвалі — нас толькі паінфармавалі пра розьніцу ў падыходах з боку беларускіх уладаў ды з боку АБСЭ. Не было нічога такога, чаго б ужо не было ў газэтах", — зазначыў эўрапейскі дыплямат.

Але дзіўна, што амбасадараў запрасілі ў беларускае МЗС менавіта пад час адсутнасьці ў Менску кіраўніцтва групы АБСЭ ды яшчэ ўсіх разам. Звычайна Эўрапейскі Зьвяз у Беларусі афіцыйна рэпрэзэнтуе толькі адзін амбасадар. Прадстаўніком цяперашняга старшыні Эўразьвязу — Швэцыі — у Менску ў першай палове 2001 году ёсьць грэцкі амбасадар Панаёціс Гумас.

А на сустрэчы зь Сяргеем Мартынавым былі амбасадары Вялікабрытаніі, Грэцыі, Нямеччыны ды Францыі. Усяго ў Менску 5 місіяў краінаў Эўразьвязу, аднак новы амбасадар Італіі Стэфана Бэнацца прыляцеў у Беларусь толькі ў другой палове дня, таму ня мог быць ў Міністэрстве замежных справаў.

Спадару Бэнацца 51 год, да прызначэньня ў Беларусь ён быў першым дарадцам італійскае амбасады ў ЗША. На пытаньне пра ўручэньне даверчых граматаў Стэфана Бэнацца Аляксандру Лукашэнку калега новага італійскага амбасадара зь іншае краіны Эўразьвязу адказаў гэтак: "Мы ня бачым тут праблемы".

Аднак спадар Бэнацца можа ізноў апярэдзіць амэрыканскага амбасадара ў Менску Майкла Козака, і калі гэтак здарыцца, будзе канчаткова зразумела, як беларускія ўлады ставяцца да ЗША.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG