Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Article 2001-01-19


Зянон Пазьняк

Пад час візыту Клінтана ў студзені 1994 году ў Менск старшыня Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12 скліканьня Зянон Пазьняк спатыкаўся з Клінтанам двойчы – ва ўрадавай рэзыдэнцыі, калі Клінтан прымаў лідэраў дэмакратычных партыяў, і ў Курапатах, дзе Клінтан і Пазьняк гутарылі сам насам.

(Пазьняк: ) “Павінен сказаць, што як чалавек Клінтан зрабіў на мяне някепскае ўражаньне. Ён сымпатычны і не выклікае антыпатыяў. Як палітык… Цяжка сказаць. Ён вельмі падобны д ўсіх прадстаўнікоў дэмакратычнай партыі ЗША, зь якімі мне даводзілася спатыкацца, і ўражаньня як палітык пад час сустрэчы ў рэзыдэнцыі ён на мяне не зрабіў. Зрэшты, ён мала гаварыў сам, больш слухаў. Была размова аб ядзернай зброі, аб кампэнсацыі Беларусі за атамную зброю, якую мы павінныябылі вывезьці. Таму што іншым краінам (Украіне, напрыклад) кампэнсацыю давалі, а беларусам – не.

У Курапатах я бачыў, што гэта – чалавек цалкам “зроблены”, шмат было штучнага, але тым ня менш, я бачыў і сьлёзы ў ягоных вачах. На яго зрабіла ўражаньне тое, што ён пабачыў і што пачуў ад мяне. Ён запытаўся – “Чаму ў такім занядбаньні Курапаты?”. Я яму адказаў, што прычына ў тым, што зараз у Беларусі кіруюць нашчадкі тых, хто расстрэльваў. Ён усё зразумеў. Пустых пытаньняў не задаваў.

Што датычна палітыкі Клінтана адносна Беларусі, дык павінен сказаць, што ў цэлым гэта была палітыка станоўчая. Бо вынікі такія, што Амэрыка заняла дастаткова выразную пазыцыю адносна рэжыму Лукашэнкі, яна не прызнае гэтага рэжыму, ня лічыць, што ён можа дэмакратызавацца – у адрозьненьні ад эўрапэйскай пазыцыі. Амэрыка не шукае з лукашэнкаўскім рэжымам нейкіх кампрамісаў, бо яны немагчымыя, і ў гэтым сэнсе амэрыканская пазыцыя нам ў значнай ступені дапамагае ў змаганьні за незалежнасьць і свабоду Беларусі. Безумоўна, што такая пазыцыя не магла ўтварыцца без уплыву самога Клінтана. Канешне, я стаўлюся да гэтага станоўча. Хаця для мяне, як для беларускага палітыка, у прынцыпе ня мае значэньня, хто будзе кіраваць Злучанымі Штатамі Амэрыкі. Для мяне істотна, як той, хто будзе кіраваць, будзе ставіцца да беларусаў, да Беларусі і да нашай беларускай справы”.
XS
SM
MD
LG