Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Article 2001-01-19


Марыя Ўсьціновіч, Крычаў

"Крычаўская міліцыя супраць маладафронтаўца!" — так характарызуюць гэты судовы працэс 19-гадовы Вадзім Стэфаненка і ягоныя паплечнікі. Кіраўнік рады Крычаўскага Маладога Фронту лічыць, што яму адпомсьцілі за выступленьні на міліцэйскія тэмы ў мясцовай недзяржаўнай газэце "Вольны горад".

7 студзеня, на праваслаўныя Каляды, Вадзіма Стэфаненку затрымалі на пляцоўцы каля галоўнай ёлкі Крычава, дзе сьвяткаваў чатырохтытысячны натоўп. Фармальнай нагодай для затрыманьня Вадзіма стала ягонае віншаваньне са сцэны да сябраў Маладога Фронту і Аб'яднанай грамадзянскай партыі — зразумела, па-беларуску.

Самавольна віншавалі сяброў са сцэны й іншыя крычаўляне. Але менавіта маладафронтавец быў затрыманы і абвінавачаны ў хуліганстве, бо нібыта "быў п'яны і лаяўся нецэнзурна", як кажуць міліцыянты ды не падпарадкоўваўся ім.

Вадзім не адмаўляе, што Каляды ён сьвяткаваў, але настойвае на тым, што ўсё было ў межах прыстойнасьці.

Гэтая гісторыя мела працяг у мэдвыцьвярэзьніку, дзе паводле словаў Вадзіма Стэфаненкі, яго зьбілі, што ён зафіксаваў афіцыйна ў шпіталі. Звычайна судзьдзі ў такіх справах патрабуецца некалькіх хвілінаў, каб прызначыць адміністрацыйны арышт альбо штраф.

Гэты ж судовы разбор цягнуўся два тыдні і двойчы адкладаўся, бо бракавала сьведак. Вельмі верагодна, — лічыць Вадзім Стэфаненка, — што тут паўплывала прысутнасьць у судзе сябраў Беларускага Гельсынскага камітэту.

Сьведчаньні супрацоўнікаў міліцыі, мэдвыцьвярэзьніку, а таксама й раённага цэнтру культуры, які арганізаваў каляднае сьвята, былі досыць супярэчлівыя. І быццам схіляліся да таго, што Стэфаненка паводзіў сябе нармальна, але судзьдзя вырашыў пакараць лідэра крычаўскага Маладога Фронту на сем мінімальных заробкаў. Беспрацоўны Вадзім Стэфаненка ня мае магчымасьці заплаціць 25 200 беларускіх рублёў. Але й не зьбіраецца аспрэчваць рашэньне — лічыць, што гэта бессэнсоўна.
XS
SM
MD
LG