Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Article 2001-01-19


Юры Дракахруст, Прага

Каб спыніць сьвятло, ня трэба быць выбітным навукоўцам – нядаўна , прыкладам, сьвятла не было на усім расейскім Далёкім Усходзе. Ды і ў беларускім жыцьці такія “цуды” часам здараюцца.

Сэнс вынаходніцтва амэрыканскіх фізыкаў крыху іншы – яны спынілі сам прамень сьвятла, а потым, так бы мовіць, “запусьцілі” яго ізноў. Сьвятло ў пустэчы распаўсюджваецца з хуткасьцю 300 тысячаў кілямэтраў за сэкунду, паводле тэорыі адноснасьці Эйнштэйна нішто ня можа пераўзысьці гэтай хуткасьці. Але у пэўным асяродзьдзі – у вадзе, шкле ці крышталі – рух сьвятла замаруджваецца, гэтак жа як ў натоўпе людзей чалавек бяжыць менш шпарка, чым па бегавой сьцежцы. Гэты эфэкт выкарыстоўваецца ў лінзах, каб паворочваць прамень.

Аднак зусім спыніць самую хуткую рэч ў сьвеце – гэтага да апошніяга часу ня мог зрабіць ніхто.

Зараз гэта зрабілі адначасна дзьве каманды навукоўцаў: Лене Гаў з Гарвардзкага ўнівэрсытэту ў Масачусэтсе і Рональд Валсворт і Міхаіл Лукін са Смітсанаўскага цэнтру астрафізыкі.

У экспэрымэнце фізыкаў прамень сьвятла праходзіць праз сыстэмы кантэйнэраў з адмысловымі газамі. Як паведамляе International Herald Tribune, выкарыстоўвалася газападобная форма мэтала рубідыя.

Сьвятло, праходзячы праз кантэйнеры, запавольвае свой рух і, нарэшце, спыняецца наагул. Потым дадатковым промнем фізыкі, так бы мовіць, “размарожвалі”, “запускалі” першапачатковы прамень, які рухаўся далей, не губляючы, што вельмі важна, характарыстыкаў, якія меў да спыненьня.

Два гады таму Лене Гаў здолела правесьці экспэрымэнт, у якім прамень сьвету запавольваў хуткасьць да 60 кілямэтраў за сэкунду, праходзячы праз ахалоджаны газападобны мэтал натрый.

Зараз атрыманы прынцыпова новы вынік – сьвятло можна спыніць наагул.

Гэта - велізарнае дасягненьне чалавечага розуму, паглыбленьне ў таямніцу прыроды. Але чакаецца, што вынаходніцтва амэрыканскіх фізыкаў будзе мець у пэрспектыве надзвычайныя практычныя вынікі.

Кампутары, электроная сувязь, зьявіўшыся ў ХХ стагодзьдзі, імкліва мадэрнізуюцца.

Але далейшае разьвіцьцё сутыкаецца з абмежаваньнямі, што здаваліся натуральнымі: ва ўсіх гэтах цудах тэхнікі інфармацыя і энэргія ўрэшце рэшт перадаецца промнем сьвятла. Зразумела, інфармацыя захоўваецца ў памяці кампутара, але гэта – аб’ект макрасьвету. А ці можна спыніць самы носьбіт інфармацыіі на мікраўзроўні – узроўні атамаў і элемэнтарных часьцінак, прычым спыніць так, каб пасьля “размарожваньня” ён “памятаў” інфармацыю, якую нес да спыненьня?

Вынаходніцтва амэрыканскіх фізыкоў дае на гэтае пытаньне прынцыпова станоўчы адказ, што можа прывесьці да рэвалюцыі ў вытворчасьці кампутараў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG