Лінкі ўнівэрсальнага доступу

(Эфір 20 Студзеня 2001) Навіны культуры


Юрась Барысевіч, Менск

Тэатар аднаго актора “Зьніч” адсьвяткаваў сваё 10-годзьдзе прэм’ераю монаопэры Алега Залётнева “Адзінокі птах”, першай опэры ў беларускім мастацтве, разьлічанай на аднаго сьпевака. “Адзінокі птах” распавядае пра апошні дзень жыцьця Адама Міцкевіча. Рэжысэр і аўтар лібрэта Галіна Дзягілева скарыстала вершы самога Міцкевіча, а таксама Яна Чачота й Рыгора Барадуліна. У спэктаклі, які адбыўся ў менскай філярмоніі, узялі ўдзел Дзяржаўны сымфанічны аркестар і хор "Sonorus". У ролі Міцкевіча выступіў саліст Опэрнага тэатру Віктар Скарабагатаў.

Гістарычны будынак панскай сядзібы ў Лошыцкім парку перададзены ва ўласнасьць менскаму гарвыканкаму. Раней тут месьціўся філіял Нацыянальнага мастацкага музэя, які зрабіў капітальны рамонт будынку і пачаў фармаваць экспазыцыю на тэму шляхецкага ладу жыцьця мінулых стагодзьдзяў, але сутыкнуўся зь нястачаю сродкаў. Новы гаспадар зьбіраецца цалкам зьмяніць інтэр’ер сядзібы і ператварыць яе ў дом адпачынку для чыноўнікаў гарвыканкаму.

Каля 160 вясковых клюбаў ня маюць ацяпьленьня, у тым ліку 45 — у Гомельскай вобласьці. Бальшыня будынкаў установаў культуры былі збудаваныя 40–50 гадоў таму й дагэтуль не рамантаваліся. У аварыйных будынках месьцяцца, сярод іншых, Тэатар драмы імя Горкага, Менская мастацкая вучэльня, Беларуская філярмонія, Дзяржаўны цырк, кінастудыя “Беларусьфільм” і 7 дзіцячых мастацкіх школаў.

У мастацкай галерэі пры менскім Інстытуце Гётэ адчынілася выстава вядомага фотамастака Ігара Саўчанкі “Над усёй Нямеччынай — бязвоблачнае неба”. Назва выставы невыпадкова нагадвае пароль гішпанскіх фашыстаў 30-х гадоў. Саўчанка шукае ў сваіх творах агульныя вытокі нямецкага й савецкага мілітарызму сярэдзіны мінулага стагодзьдзя, паказвае савецкае войска як копію нямецкага вэрмахту. Працягам выставы будзе канцэптуальная імпрэза, якая адбудзецца 26 студзеня ў галярэі "Nova". У праграме, сярод іншага, — дэманстрацыя нямецкіх прапагандысцкіх кінастужак часоў вайны з Савецкім Саюзам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG