Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 студзеня 2001 г.


Міхал Стэльмак, Менск

На Менскім маторным заводзе ствараецца "незалежны" прафсаюз. Мяркуецца, аднак, што напраўду ён будзе залежаць ад адміністрацыі і ўладаў.

6 000 працаўнікоў маторнага заводу зараз уцягнутыя ў кампанію, зьвязаную з вызначэннем прафсаюзнай прыналежнасьці. Кіраўнікі вытворчасьці выклікаюць рабочых і настойваюць, каб тыя напісалі заявы пра пералічэньне складак у так званы "незалежны" прафсаюз. Найперш гэта тычыцца сяброў Свабоднага прафсаюзу.

Як паведаміў нашаму радыё лідэр Свабоднага прафсаюзу Валеры Захарчанка, начальства дзейнічае мэтадамі хлусьні ды запалохваньняў:

(Захарчанка: ) "Розныя кіраўнікі агітуюць рабочых, каб пакідалі шэрагі Свабоднага прафсаюзу, бо іх нібыта найперш закране працэс скарачэньня.

Ім пагражаюць, што ня будуць даваць пуцёвак на аздараўленьне. Тым жа, хто не падпарадкуецца, начальства пагражае рознымі непрыемнасьцямі.

І гэтая кампанія ахапіла ўвесь пэрсанал — ад начальнікаў цэхаў да табельшчыц. Людзі запалоханыя, бо паўсюдна ў рэспубліцы скарачэньні".

Дагэтуль у Свабодным прафсаюзе маторнага заводу было амаль 1000 сяброў. Ня выключана, што пасьля ўмяшаньня адміністрацыі частка зь іх, паводле словаў спадара Захарчанкі, пяройдзе ў так званы "незалежны" прафсаюз.

Як стала вядома з прафсаюзных крыніцаў, адміністрацыя Лукашэнкі вырашыла досьвед "Інтэгралу", зьвязаны з заснаваньнем "дырэктарскага" прафсаюзу, перанесьці й на іншыя прадпрыемствы краіны. У прыватнасьці, рэалізаваць ідэю стварэньня "кішэннага" прафсаюзу на маторным заводзе.

Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў "кішэнныя" прафсаюзы, на думку кіраўнікоў Фэдэрацыі, будуць саюзьнікамі Аляксандра Лукашэнкі.

Вось чаму паплечнікаў Уладзімера Ганчарыка, які не выключае свайго ўдзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі, насьцярожваюць падзеі на ММЗ. У прыватнасьці, гэтым заклапочаныя ў рэспубліканскім камітэце прафсаюзу аўтасельгасмашу.

Як паведаміў сёньня нашаму радыё намесьнік старшыні гэтага прафсаюзу Аляксандар Еўдакімчык, яны неўзабаве зьбіраюцца наведаць маторны завод, каб перашкодзіць стварэньню "дырэктарскага" прафсаюзу.

XS
SM
MD
LG