Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 студзеня 2001 г.


Юры Дракахруст, Прага

Як адаб'ецца арышт Паўла Барадзіна на беларуска-амэрыканскіх і беларуска-расейскіх дачыненьнях? Камэнтар Радыё Свабода…

Зьнешне арышт Барадзіна выглядае як поўха Крамлю і асабіста Пуціну. Але суд у ЗША незалежны, і запрасілі Барадзіна на інаўгурацыю прэзыдэнта ЗША ўплывовыя сябры каманды Джорджа Буша. Так што, калі і варта казаць пра нейкі выклік, то кінуты ён ня новаю адміністрацыяй ЗША, а міжнароднай законнасьцю ды незалежнасьцю галінаў улады ў Амэрыцы. Ці успрыме прэзыдэнт Расеі гэты выпадак менавіта як выклік, і як адкажа на яго – яго справа, але ж Аляксандра Лукашэнку ў дадзеным выпадку ніхто выпрабоўваць і не зьбіраўся.

Тым ня менш адказ афіцыйнага Менску быў імгненным і вельмі эмацыйным. "Яны праявілі высокую дэмакратыю і сказалі, што ў чацьвер і ў суботу ноччу Барадзін будзе ў чорным смокінгу. У якім ён апынуўся смокінгу?" – такім рытарычным пытаньнем адрэагаваў кіраўнік Беларусі на паведамленьне пра арышт дзяржсакратара саюзу Беларусі і Расеі.

Адказ на пытаньне Аляксандра Лукашэнкі відавочны, але куды больш цікавае пытаньне, у якім "смокінгу" апынуўся ў сувязі з гэтым сам беларускі кіраўнік, як арышт Барадзіна адаб'ецца на беларуска-амэрыканскіх адносінах і на лёсе саюзу, справамі якога так няўрымсьліва займаўся былы кіраўнік справамі прэзыдэнта Расеі.

Відавочна, што вобраз Беларусі ў вачох сьвету навогул, і Амэрыкі ў прыватнасьці, гэтая гісторыя не палепшыць. Лукашэнку на Захадзе дакаралі за шмат якія грахі, але афіцыйных абвінавачваньняў у карупцыі на адрас менскіх уладаў амаль не гучала. Зараз жа скандал вакол асобы дзяржскаратара Саюзу зь яго сумніўнымі гэшэфтамі ўскосна кідае цень і на Беларусь, хаця б паводле прынцыпу: "Скажы, хто твой сябра, і я скажу, хто ты".

Праўда, патоку амэрыканскіх інвэстыцыяў у Беларусь, які б мог абмялець ад такой цені, і зараз не назіраецца, так што вялікай шкоды далейшае пагаршэньне міжнароднай рэпутацыі Беларусі не прынясе. Але і карысьці, відавочна, таксама.

Пры гэтым варта прыгадаць, што год таму даволі высокапастаўленыя беларускія чыноўнікі камэнтавалі прапанову Масквы зрабіць Барадзіна "галоўным у інтэграцыі" даволі кісла. Дарадца Лукашэнкі Сяргей Посахаў, які зараз абвінавачвае ЗША "у непавазе да дэмакратыі і правоў чалавека", год таму ў інтэрвію Радыё Свабода казаў, што кандыдатура Барадзіна выклікае вялікія сумневы.

Былы намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Іван Пашкевіч і сёньня заявіў, што скампрамэнтаваны Барадзін шкодзіць міжнароднаму іміджу саюзу. Наўрад ці гэтыя меркаваньні зусім ужо супярэчаць меркаваньням самога Лукашэнкі і год таму, пры прызначэньні Барадзіна, і зараз.

Тым ня менш зараз кіраўнік Беларусі ахарактарызаваў арышт Барадзіна наступным чынам.

(Лукашэнка: ) "Я разглядаю гэта як вельмі недружалюбны ўчынак ЗША ў дачыненьні да абедзвюх дзяржаваў – Беларусі і Расеі – і перш за ўсё супраць іх саюзу. Я вымушаны рэагаваць на гэтае рашэньне, бо я старшыня Вышэйшага дзяржаўнага Савету саюзу Беларусі і Расеі".

Лукашэнка дадаў, што ён як старшыня вышэйшага савету саюзу нават даў Барадзіну дазвол на паездку ў ЗША. Гучыць гэта даволі сьмешна, улада кіраўніка Беларусі над расейцам Барадзіным ня большая, чым улада ангельскай каралевы над, прыкладам, грамадзянінам Канады, што ўваходзіць у Брытанскую судружнасьць нацыяў.

Каб зразумець прычыны такой шумнай рэакцыі афіцыйнага Менску, варта прыгадаць цяпершні стан беларуска-расейскіх дачыненьняў. У параўнаньні з ельцынскімі часамі яны сталі больш халоднымі і прагматычнымі з боку Масквы.

Крэмль жорстка атрымлівае ад Менску ўсё, што яму патрэбна, прычым беларускі кіраўнік зь яго панславісцкай рыторыкаю і прагаю ўлады ў склад гэтага патрэбнага не ўваходзіць.

Адзіны шанец Лукашэнкі хаця б захаваць свае пазыцыі – рэзкае абвастрэньне адносінаў Расеі з Захадам. Тады абвастраюцца геапалітычныя "комплексы непаўнавартасьці" расейскай палітычнай эліты: "Расею ніхто ня любіць і не паважае", "Захад – вораг" і гэтак далей. І тут Лукашэнка, гатовы абараняць інтарэсы Расеі хоць пад Берасьцем, хоць пад Ню-Ёркам, аказваецца вельмі карысным і прыемным.

Расейскім прастолам за гэта, зразумела, не ўзнагародзяць, але ўтрымацца ў Менску можа і дапамогуць. Ці хаця б не перашкодзяць. Тут ня тое што Барадзіна, каго заўгодна абараняць будзеш.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG