Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 студзеня 2001 г.


Юры Сьвірко, Менск

Сёньня ў Ню-Ёрку ў аэрапорце імя Кэнэдзі быў арыштавны Дзяржаўны сакратар Саюзу Беларусі і Расеі Павал Барадзін. Арышт абыўся ў адпаведнасьці з судовым даручэньнем пракуратуры Швайцарыі. Арышт Барадзіна сёньня А.Лукашэнка назваў вельмі непрыязным актам ЗША ў дачыненьні да Беларусі як да часткі саюзнае дзяржавы з Расеяй.

(А.Лукашэнка: ) "Гэта скрайне непрыязны выпад Злучаных Штатаў Амэрыкі ці нейкае галавацяпства чыноўнікаў Злучаных Штатаў Амэрыкі ў дачыненьні да абедзьвюх дзяржаваў. Інакш разглядаць я гэта не магу".

Як толькі зь Нью-Ёрку паведамілі пра затрыманьне ў аэрапорце імя Кэнэдзі дзяржаўнага сакратара саюзнае дзяржавы Беларусі й Расеі П.Барадзіна, старшыня Вышэйшае дзяржаўнае рады гэтае дзяржавы А.Лукашэнка склікаў у Менску апэратыўную нараду са сваімі сілавікамі.

Ён адразу заявіў, што расцэньвае арышт Барадзіна як вельмі непрыязны ўчынак з боку ЗША ў дачыненьні да дзьвюх дзяржаваў — Беларусі ды Расеі, і найперш да іхнага саюзу.

(Лукашэнка: ) "Я вымушаны рэагаваць на гэта яшчэ й таму, што я старшыня найвышэйшага дзяржаўнага савету Беларусі й Расеі. І дазвол на выезд Паўла Паўлавіча Барадзіна ў гэтую камандзіроўку афіцыйна ўчора даў я".

А.Лукашэнка распавёў, што абмяркоўваў паездку П.Барадзіна ў ЗША пад час свайго нядаўняга візыту ў Маскву з расейскім кіраўніцтвам 16 студзеня. Спадар Лукашэнка, паводле ягоных словаў, вельмі падрабязна гаварыў пра гэта з прэм'ер-міністрам Расеі Міхаілам Касьянавым.

(Лукашэнка: ) "І мы гэта ўспрынялі за вельмі добры жэст з боку Злучаных Штатаў Амэрыкі. Во дакумэнты, што перада мной — учора я іх падпісаў. Тут запрашэньне Барадзіну як дзяржаўнаму сакратару саюзу Беларусі й Расеі.

І мы вельмі добра расцанілі гэта ўчынак з боку ЗША. Напісаў гэтае запрашэньне член Камітэту па інаўгурацыі прэзыдэнта Буша Джэймс Зэнга. "Вас сустрэнуць у аэрапорце…" Сустрэлі во ў аэрапорце, кайданкі начапілі. Гэта, між іншым, паказчык высокай дэмакратыі з боку Злучаных Штатаў Амэрыкі", — заявіў спадар Лукашэнка свайму дзяржаўнаму сакратару Ў.Латыпаву, які да апарату Рады Бясьпекі ўзначальваў беларускае Міністэрства замежных справаў.

Адначасова з Лукашэнкавай нарадай брыфінг ладзіў прэсавы сакратар МЗС П.Латушка, які быў больш стрыманы ў ацэнках. Ён найперш зазначыў, што пытаньнем Барадзіна будзе займацца расейская амбасада ў ЗША, хаця й беларускае МЗС даручыла сваім прадстаўніцтвам у Вашынгтоне ды Нью-Ёрку "адсочваць разьвіцьцё сытуацыі й пры магчымасьці браць удзел у разьбіральніцтве, калі гэты працэс будзе адкрытым".

Пасьля гэтага спадар Латушка заявіў:

(Латушка: ) "Мы разглядаем Паўла Барадзіна як дзяржаўнага сакратара саюзнай дзяржавы. Што да астатніх пытаньняў, гэта юрысдыкцыя Расейскай Фэдэрацыі, бо вядома, што Павал Барадзін — грамадзянін Расейскай Фэдэрацыі".

Павал Латушка дадаў, што Менск падтрымлівае кантакт з расейскім бокам у гэтай сытуацыі.

На маё пытаньне, ці ёсьць дыпляматычны статус у Паўла Барадзіна й ці была зарэгістраваная ў ААН беларуска-расейская саюзная дзяржава, прэсавы сакратар МЗС адказаў толькі гэтак:

(Латушка: ) "Мы не хацелі б камэнтаваць гэтага пытаньня ў гэты момант".

П.Латушку паправіў А.Лукашэнка:

(Лукашэнка: ) "У гэтым выпадку я не кранаю правапарушэньняў, якія, магчыма, былі ў Барадзіна — фінансавага характару, гэта мяне не датычыць, я тут абсалютна некампэтэнтны. Я кажу толькі пра дыпляматычны скандал, які сёньня выбухнуў, прычынай якога сталі Злучаныя Штаты Амэрыкі, таму што Барадзін меў пры сабе дыпляматычны пашпарт і таму меў дыпляматычную недатыкальнасьць", — заявіў А.Лукашэнка.

Але гэтую заяву Лукашэнкі абвяргаюць у Швайцарыі. Летась, 30 чэрвеня, я браў у Жэнэве інтэрвію ў генэральнага пракурора гэтага швайцарскага кантону Бэрнара Бэртусы.

(Бэртуса: ) "Мы абвiнавачваем спадара Барадзіна ў адмываньні грошай тут у Жэнэве, а не ў карупцыi ў Расеi, — сказаў мне спадар Бэртуса й дадаў: — Фiрмы "Мабэтэкс" i "Мэрката" перадалi розным расейскiм чыноўнiкам вельмi вялiкiя сумы так званых камiсiйных.

Паводле нашых законаў, нельга перасьледаваць каго-небудзь проста за карупцыю ў Расеi. Але калi гэты чалавек спрабуе схаваць грошы ў Швайцарыi, то можна. Пра Барадзiна мы ведаем вельмi шмат. Ён атрымаў вельмi вялiкiя сумы грошай", — зазначыў генпракурор Жэнэвы.

Паводле ягоных словаў, агульная сума замарожаных сродкаў у справах фiрмаў "Мабэтэкс" i "Мэрката" складае 65 мiльёнаў даляраў, але спадар Бэртуса ў iнтарэсах сьледзтва адмовіўся сказаць, якая частка гэтай сумы належыць Паўлу Барадзiну.

Я задаў генпракурору Жэнэвы гэткае пытаньне: "Калi раптам спадар Барадзiн паедзе ў Заходнюю Эўропу — прыкладам, прадстаўляць расейска-беларускую саюзную дзяржаву на нейкiм форуме, — цi будзе ён арыштаваны?"

Бэрнар Бэртуса даў наступны адказ, цытую: "Ордэр на арышт можа дзейнiчаць толькi на тэрыторыi Швайцарыi, а можа й ва ўсёй Эўропе, i ва ўсiм сьвеце. Калi судзьдзя выдае такi ордэр, ён не раскрывае ягонага тыпу", — заявіў спадар Бэртуса.

На пытаньне, цi ўлiчвалi жэнэўскія пракуроры цяперашнi статус Паўла Барадзiна як мiжнароднага расейска-беларускага чыноўнiка, Бэрнар Бэртуса адказаў гэтак: "Мяне гэта не хвалюе. Ён ня мае тут анiякага iмунiтэту. Гэта мела б значэньне, калi б ён меў такi iмунiтэт у Швайцарыi, але тут iншы выпадак".

XS
SM
MD
LG