Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 студзеня 2001 г.


Сяргей Шупа, Вільня

(эфір 13 студзеня)
10-годзьдзе трагічных падзеяў ля віленскай тэлевізіі. Зь Вільні – Сяргей Шупа…

10-годзьдзе трагічных падзеяў у Вільні сталася сёлета паважнай нагодай да роздуму, бо адзначаецца яно ў даволі спэцыфічнай для Літвы зьнешне- і ўнутрыпалітычнай атмасфэры. Штогадовыя ўрачыстасьці 13 студзеня сталіся за гэтыя гады нейкай рытуальнай даніной памяці змагароў за незалежнасьць, аднак сёлета ўсё адбываецца крыху інакш. 10-гадовы юбілей актуалізаваў праблемы стратэгічнай арыентацыі Літвы.

Ці не галоўная тэма сёлетняй гадавіны, якая нібыта й ня надта акцэнтуецца — роля Расеі ў трагічных віленскіх падзеях 91-га. Гэта, так сказаўшы, «нябожчык у шафе», якога цяперашняя ўлада — лібэралы і сацыял-лібэралы — спрабуюць як мага схаваць і не чапаць. Літоўскія правыя з партыі кансэрватараў якраз імкнуцца выцягнуць гэтага нябожчыка на дзённае сьвятло. На распачатай у пятніцу нечарговай сэсіі Літоўскага Сойму Вітаўтас Ландсбергіс нечакана запрапанаваў для разгляду зусім не заплянаванае пытаньне — аб прыняцьці звароту Сойму да Дзяржаўнай Думы Расеі з просьбай паспрыяць прыцягненьню да адказнасьці вінаватых у злачынствах 10-гадовай даўніны, якія сёньня хаваюцца ад літоўскага правасудзьдзя ў Расеі й Беларусі. Апанэнты Ландсбергіса зварачалі ўвагу на тое, што гэткі зварот можа пашкодзіць пэўным прагматычным момантам у дачыненьнях з Расеяй — прыняцьцю патрэбных Літве пагадненьняў, прыкладам пра транзыт празь Літву расейскіх тавар. Кансэрватары назвалі амаральным параўнаньні выгоднасьці транзыту з чалавечымі жыцьцямі. У выніку гэтая вельмі нязручная для бальшыні дэпутатаў пастанова была прынятая і створаная адмысловая рэдакцыйная камісія.

У рамках традыцыйных урачыстасьцяў, якія як і штогод улучалі жалобныя канцэрты і багаслужбы ў касьцёлах Літвы, ускладаньне кветак на магілах 14 звычайных людзей, забітых 13 студзеня 91-га, сходы, вечарыны, дакумэнтальныя тэлефільмы, у суботу раніцай адбылося ўрачыстае паседжаньне Сойму, на якім да дэпутатаў, гасьцей, замежных дыпляматаў і ўсяго народу Літвы зьвярнуўся прэзыдэнт Валдас Адамкус. Цэнтральным на паседжаньні сталася прамова сапраўды знакавай у гэтым кантэксьце асобы — Вітаўтаса Ландсбергіса. У сваёй прамове, утрыманай у трагічна-рамантычным тоне, што прыгадаў тыя часы, Ландсбергіс зноў зьвярнуў увагу на нясплочаны доўг маральнай і крымінальнай адказнасьці Расеі за падзеі 13 студзеня. У прыватнасьці ён працытаваў фрагмэнты крымінальнай справы, якія сьведчаць пра ўжыцьцё расейскімі вайскоўцамі забароненай у сьвеце баявой зброі — куляў са ссунутым цэнтрам цяжару — якімі ва ўпор былі расстраляныя некаторыя ўдзельнікі тых падзеяў. На думку Ландсбергіса, учыненае савецкімі войскамі ў студзені 1991-га нельга разглядаць інакш як ваенныя злачынствы, якія падлягаюць юрысдыкцыі Гаагскага трыбуналу.

Яшчэ адзін важны акцэнт, які можна было заўважыць падчас суботняга ўрачыстага паседжаньня — гэта тое, што адразу пасьля прэзыдэнта Адамкуса на соймавую трыбуну выйшла пані маршалак Польскага Сойму Аліцыя Гжэшковяк і выступіла зь вельмі цёплай эмацыйнай прамовай у духу «За нашу і вашу свабоду». Яна сярод іншага нагадала, што 10 гадоў таму Польшча ў разе патрэбы была гатовая даць прытулак эміграцыйнаму ўраду незалежнай Літвы. Такім чынам была яшчэ раз падкрэсьленая палітычная салідарнасьць Літвы з Польшчай, якую тая лічыць сваім стратэгічным партнэрам у працэсе інтэграцыі ў эўраатлянтычныя структуры.

Прэзыдэнт Адамкус скончыў сваю прамову словамі пра тое, што ніхто апрача самых літоўцаў ня мог адстаяць незалежнасьць 10 гадоў таму, і ніхто апрача іх самых ня можа сёньня збудаваць Літву як сучасную і заможную дэмакратычную краіну. Выкананьне гэтай другой задачы, у шмат разоў цяжэйшай за першую, нягледзячы ні на што працягваецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG