Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 студзеня 2001 г.


Валер Каліноўскі, Менск

Мінулымі выходнымі невядомыя сьпілавалі крыж ахвярам бальшавіцкага тэрору, што стаяў у Лошыцкім парку. Побач з паваленым крыжом на сьнезе пакінулі словы "РНЕ". Акт вандалізму ўчыніў нейкі актывіст менскай філіі прафашысцкага Рускага нацыянальнага адзінства.

Яшчэ бачныя рэшткі пілавіньня ля Лошыцкага крыжа ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў — іх не замяло сьнегам, як і надпіс "РНЕ". Захаваліся на сьнезе й сьляды злачынцы ды сабакі, зь якім ён прыйшоў. Як паведамілі вартаўнікі блізкіх гаражоў, акт вандалізму быў учынены, відаць, мінулай нядзеляй.

(Вартаўнік: ) "У панядзелак раніцай, як рабочыя ішлі, пабачылі, што крыж ляжыць. Верагодна, гэта было ў нядзелю вечарам. Дзіцячыя сьляды нейкія".

Вартаўнік гаражоў таксама паведаміў, што 17 студзеня на месцы здарэньня быў участковы, ён апытаў вартаўнікоў ды рабочых — дарожных будаўнікоў, што працуюць побач. Ніхто ня бачыў злачынцы, але па сьлядах мяркуюць, што гэта быў непаўнагадовы, прычым з гэтага раёну, бо прыйшоў сюды з сабакам.

Менавіта вартаўнікі гаражоў першыя заўважылі сьпілаваны крыж ды патэлефанавалі ў міліцыю. Акрамя ўчастковага, сюды наведаўся прадстаўнік райвыканкаму ды папрасіў вартаўнікоў гаражоў дагледзець сьпілаваны крыж, каб не забралі.

Адзін з вартаўнікоў мяркуе, што ўчынілі гэта камуністы, якім не падабаецца надпіс на крыжы: "Ахвярам бальшавіцкага тэрору". Сталага веку будаўнік чамусьці мяркуе, што гэта маглі зрабіць "бэнээфаўцы".

(Будаўнік: ) "Во гэты Народны Беларускі Фронт, яны ж… Ды я б іх увогуле страляў!"

Што такое РНЕ — ні вартаўнікі, ні дарожнікі ня ведаюць, але падзею з крыжам, сьведкамі якой яны сталі, актыўна абмяркоўваюць:

(Васіль: ) "Ды гэта дэбільны народ, разумееце? Які не паважае ані сябе, ані мовы сваёй беларускай! І сваёй годнасьці ня мае. Ні гісторыі ня ведае, нічога!", — так выказаўся рабочы-дарожнік Васіль.

Васіль паабяцаў, што неўзабаве ён і ягоныя сябры змогуць паправіць гэты крыж — гэта нескладана, проста трэба зрабіць накладкі.

У Лошыцы пахаваныя каля 10 000 ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Тут пад аўтамабільнымі гаражамі — парэшткі найлепшых прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, рэпрэсаваных НКВД.

Месца не ахоўваецца, але яно добра дагледжанае: растуць кветкі ды ляжаць вянкі, штогод на Дзяды сюды прыходзяць людзі. Крыж прастаяў восем гадоў, і ніхто яго не чапаў. Само здарэньне й тое, што да гэтага вандалізму мае дачыненьне РНЕ, на думку лідэра Кансэрватыўна-хрысьціянскае партыі БНФ Юрася Беленькага, сьведчыць пра небясьпеку распаўсюджваньня ў Беларусі расейскай прафашысцкай ідэалёгіі:

(Беленькі: ) "Невыпадковае сёньняшняе спрыяньне палітыкі Лукашэнкі й ягоных маскоўскіх гаспадароў гэтаму кірунку. Мы ж бачым, як гэта адбываецца! Наша структура бачыла, як міліцыя фактычна спрыяла аднаму РНЕшніку, што дэманстраваў агрэсіўнасьць да жанчын, якія стаялі ў нашым пікеце.

Мы бачым, хто прыйшоў да ўлады ў Беларусі. Гэта якраз тыя людзі, якія раней цішком між сабою казалі, што Гітлер добра зрабіў у сваёй краіне, але кепска, што пайшоў на Савецкі Саюз — вось гэткая скрайне шавіністычная расісцкая плынь сёньня ля ўлады ў Беларусі", — адзначыў Юрась Беленькі.

У Ленінскім РАУСе Менску нам паведамілі, што пакуль рашэньня пра крымінальную справу па факце вандалізму няма, ідзе праверка й збор матэрыялаў, пасьля будзе прынятае рашэньне.

XS
SM
MD
LG