Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 17 студзеня 2001 г.


Юры Сьвірко, Менск

Украінская амбасада ў Менску незадаволеная выступамі беларускіх дзяржаўных СМІ ды чыноўнікаў, якія рэзка крытыкуюць афіцыйны Кіеў. Амбасадар Анатоль Дронь паведаміў, што заплянаваная на студзень сустрэча А.Лукашэнкі з Л.Кучмам, верагодна, не адбудзецца.

Спачатку А.Лукашэнка заявіў у "Савеце Рэспублікі", што кіраўнік Украіны Л.Кучма, нягледзячы на ягоную празаходнюю палітыку, усё ж атрымаў "тэндэнцыі да імпічмэнту прэзыдэнта".

Потым спадар Лукашэнка абвесьціў у тэлепраграме "Панарама", што сам будзе найбольш незалежным кандыдатам на беларускіх прэзыдэнцкіх выбарах — у адрозьненьне ад Л.Кучмы, які залежыць ад сваіх алігархаў.

Нарэшце, у тым жа тэлеінтэрвію А.Лукашэнка заклікаў паглядзець, што робіцца ў Крыме ды Заходняй Украіне, ды скарыстаў фразы "стаяць пад ружжом" і "калі заўтра вайна…".

Спадара Лукашэнку падтрымала ягоная газэта "Советская Белоруссия", якая ў вялікім артыкуле "Палітычныя завулкі Храшчаціка" паінфармавала чытачоў, што ва Ўкраіне нібыта ўсім кіруе групка набліжаных да прэзыдэнта асобаў.

Я папрасіў украінскага амбасадара ў Менску Анатоля Дроня пракамэнтаваць гэтыя выступы.

(Дронь: ) "Я хачу ўвогуле сказаць, што ўкраінская тэматыка зноў актыўна агучваецца як у выступах кіраўніцтва Беларусі, гэтак і ў беларускіх СМІ.

Прычым, трактоўка падзеяў ва Ўкраіне незалежнымі, апазыцыйнымі аналітыкамі сутнасна адрозьніваецца ад пазыцыі афіцыйных выданьняў. Як нам бачыцца, апошнія неяк прадузята выкладаюць сутнасьць працэсаў у нашай дзяржаве, якія падаюцца ў кантэксьце перавагі так званай стабільнай беларускай мадэлі на тле зноў жа так званай украінскай нестабільнасьці. Мне здаецца, што публікацыя ў "Советской Белоруссии" якраз гэтым адрозьніваецца".

Я спытаўся ва ўкраінскага амбасадара, ці не пашкодзяць такія выступы двухбаковым адносінам паміж Менскам і Кіевам.

(Дронь: ) "Адносна ўплыву на двухбаковыя дачыненьні, я заўжды гаварыў пра тое, што нэгатыўна ўплываюць публікацыі як беларускіх СМІ, гэтак і ўкраінскіх СМІ пра Беларусі, калі яны неаб'ектыўныя".

На маё пытаньне, ці адбудзецца заплянаваная на студзень у Чарнігаве сустрэча А.Лукашэнкі з Л.Кучмам, амбасадар Украіны ў Менску адказаў гэтак:

(Дронь: ) "Была дамоўленасьць пра чарговую рабочую сустрэчу ва Ўкраіне, у Чарнігаве. Дата сустрэчы пакуль што ня вызначаная, як і ня вызначаныя тыя пытаньні, што мусяць на той сустрэчы абмяркоўвацца", — сказаў спадар Дронь і дадаў, што Кучма ды Лукашэнка ўжо двойчы сустракаліся летась на беларускай тэрыторыі — у Берасьці й Менску.

Кіраўнікі дзьвюх дзяржаваў дамовіліся сустрэцца ў студзені ва ўкраінскім горадзе, каб заслухаць справаздачы ўрадаў пра разьвіцьцё двухбаковых адносінаў. Але амбасадар Дронь даведаўся зь беларускае дзяржаўнае прэсы пра наступны парадак дня сустрэчы Лукашэнкі з Кучмам.

(Дронь: ) "Беларуская ўрадавая газэта "Рэспубліка" 10 студзеня назвала ўжо некаторыя тэмы перамоваў. Гэта стварэньне на тэрыторыі некалькіх дзяржаваў СНД адзінае энэргетычнае прасторы, быццам бы таксама пойдзе размова пра стварэньне трыюмвірату ў складзе Беларусі, Расеі, Украіны, ну й падобныя пытаньні. Мне нічога невядома пра крыніцу такое інфармацыі", — заявіў амбасадар Украіны ў Беларусі Анатоль Дронь.

XS
SM
MD
LG