Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 студзеня 2001 г.


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

(эфір 15 cтудзеня)
У Пінску адбыўся тэрміновы сход прадпрымальнікаў. Нагодаю сталася тое, што адміністрацыя кірмашу прадала некалькі гандлёвых месцаў гандляроў-страйкоўцаў. Абураныя прадпрымальнікі абвесьцілі бестэрміновы страйк.

На апошнім сходзе 9 студзеня пінскія прадпрымальнікі вырашылі прыпыніць страйк ды 16 студзеня выйсьці на працу. Аднак ужо наступным днём стала вядома, што пакуль прадпрымальнікі страйкавалі, адміністрацыя Цэнтральнага кірмашу прадала іншым прадпрымальнікам некалькі гандлёвых месцаў, на якіх шмат гадоў працавалі ўдзельнікі страйку.

Прадалі месца і старшыні прадпрымальніцкай прафсаюзнай арганізацыі Зьмітра Пятрова. Са словаў прадпрымальнікаў, новыя ўладальнікі месцаў збольшага людзі з сувязямі, сярод якіх сваякі супрацоўнікаў міліцыі.

Гандляры лічаць, што гэта правакацыя, мэтаю якой ёсьць парушыць прадпрымальніцкае адзінства, бо месцы прадалі ўжо пасьля таго, як гандляры заявілі пра спыненьне страйку, і адміністрацыя кірмашу не магла пра гэта ня ведаць.

Нікому з пазбаўленых месца прадпрымальнікаў афіцыйна пра гэта не паведамілі. Дырэктар рынку Павал Пракопчык на сход не зьявіўся, ягоных камэнтароў ніхто не пачуў. Варта адзначыць, што напярэдадні Новага году дырэктар паабяцаў, што калі палова прадпрымальнікаў у часе страйку выкупіць свае працоўныя месцы, астатніх адміністрацыя прадаваць ня будзе. А выкупілі каля 80% месцаў.

На сходзе, які доўжыўся каля 3 гадзінаў, прадпрымальнікі казалі, што неабходна супольна бараніць сваіх калегаў, бо заўтра на іхным месцы можа апынуцца кожны. У выніку было вырашана абвесьціць бестэрміновы страйк, і заўтра выходзіць на кірмаш без тавару, пакуль прададзеныя месцы ня будуць вернутыя ўладальнікам.

(Прадпрымальніца: ) "Выходзім усе на рынак, палатак ня ставім! І трэба, каб два чалавекі, найлепш мужчыны, сталі каля касы. Аніякай платы за месца, пакуль ня вырашацца гэтыя пытаньні, ня будзе! Мы мусім абараніць сваіх таварышаў, бо заўтра на іхным месцы можам быць мы!"

Гэтую прапанову падтрымалі аднагалосна. Адначасова ад імя прафсаюзу было вырашана выказаць недавер адміністрацыі кірмашу і запатрабаваць ад Дзяржкантролю праверкі ягонай дзейнасьці.

XS
SM
MD
LG