Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 студзеня 2001 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Прафсаюз працаўнікоў адукацыі вырашыў распачаць калектыўную працоўную спрэчку зь беларускім урадам.

Сёньняшняе пазачарговае паседжаньне Рэспубліканскага камітэту прафсаюзу адукацыі было скліканае, бо прафсаюз атрымаў адказ ураду на патрабаваньні беларускіх настаўнікаў. Гэты адказ, які днямі за подпісам прэм'ера Ярмошына атрымаў прафсаюз адукацыі, набыў у асяродку прафсаюзных лідэраў нэгатыўны розгалас.

Вось што паведаміла нашаму радыё старшыня Рэспубліканскай прафсаюзнай арганізацыі Тамара Чобатава:

(Чобатава: ) "Адказ нас зьдзівіў. Няма адказу на высунутыя намі канкрэтныя патрабаваньні. Гэтыя патрабаваньні падпісала на сёньняшні дзень ужо 180 тысячаў сяброў нашага прафсаюзу. Яны настойваюць, каб сёлета ў першым квартале заробкі настаўнікаў былі падвышаныя да ўзроўню працаўнікоў прамысловасьці.

Па-другое, прафсаюз патрабуе, каб студэнцкія стыпэндыі былі павялічаныя да 50% пражытковага мінімуму. Аднак, як вынікае зь ліста прэм'ера, гэтыя праблемы пэдагогаў ня будуць вырашаныя. Заробкі пэдагогаў і стыпэндыі студэнтаў будуць далёкія ад таго ўзроўню, які даваў бы магчымасьць хоць неяк існаваць", — зазначыла Тамара Чобатава.

Сябры прэзыдыюму настаўніцкага прафсаюзу аднадушна прызналі адказ Уладзімера Ярмошына за незадавальняльны ды вырашылі дзейнічаць, каб патрабаваньні беларускіх пэдагогаў былі задаволеныя.

Прафсаюзныя лідэры прынялі дакумэнт пра калектыўную працоўную спрэчку з урадам. Гаворыць адзін з удзельнікаў сёньняшняга паседжаньня, старшыня прафсаюзу адукацыі Стаўпецкага раёну Алег Чыкун:

(Чыкун: ) "У нашым раёне настаўніцтва падтрымала патрабаваньні, якія былі высунутыя прафсаюзнай арганізацыяй Менску. Па раёне было сабрана каля 600 подпісаў — гэта траціна ад усяго жыхарства.

У асноўным настаўніцтва выказала пажаданьні, каб павялічылі заробак. На маю думку, трэба больш настойліва нам як кіраўнікам струуткр прафсаюзу весьці калектыўныя перамовы з урадам".

(Карэспандэнт: ) "Ці гатовыя стаўпецкія настаўнікі да актыўнага пратэстур?"

(Чыкун: ) "Сказаць так адназначна нельга, таму што актыўны пратэст — не самамэта, і каб сёньня наўстаўніцтва Стаўпеччыны напраўду было гатовае — не, я так не магу сказаць".

Між тым, некаторыя ўдзельнікі сёньняшняга паседжаньня прэзыдыюму настаўніцкага прафсаюзу выказаліся й за больш актыўны пратэст, чымсьці калектыўная спрэчка з урадам.

У прыватнасьці, лідэр прафсаюзу адукацыі Берасьцейскай вобласьці Мікалай Коўш выступіў з ініцыятывай рыхтавацца да настаўніцкіх страйкаў. На ягоную думку, беларускія пэдагогі пры цяперашніх уладах і сацыяльна-эканамічным курсе ня маюць аніякай магчымасьці задаволіць свае патрабаваньні.

XS
SM
MD
LG