Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 студзеня 2001 г.


Віктар Дзятліковіч, Масква

Аляксандар Лукашэнка праводзіў сёньня перамовы з усімі кіраўнікамі Расеі. Пра канкрэтныя вынікі не гаворыць ніхто. Лукашэнка сьцьвярджае, што не шукае ў Маскве фінансавай і палітычнай падтрымкі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, а расейскія газэты наагул больш абмяркоўваюць тое, як госьць зь Беларусі гуляе ў хакей і ці зьяўляецца ён псыхічна хворым чалавекам.

Найбольш значнымі для Аляксандра Лукашэнкі былі перамовы з прэм'ер-міністрам Міхаілам Касьянавым і кіраўніком Цэнтрабанку Віктарам Герашчанкам. Маскоўскія камэнтатары сыходзяцца на думцы, што галоўная мэта Лукашэнкі – як мага хутчэй атрымаць другую частку расейскага стабілізацыйнага крэдыту ў памеры 70 мільёнаў даляраў. Аглядальнікі эканамічнага агенцтва "Росбізнэскансалтынг" адзначаюць: стан беларускай эканомікі такі, што бяз вонкавага фінансаваньня Лукашэнка ня здолее выканаць перадвыбарчыя абяцаньні ўзьняць сярэдні заробак да 100 даляраў і ўтрымаць курс беларускага рубля.

Вырашыць гэтае пытаньне праз кантактаваньне толькі з Герашчанкам і Касьянавым амаль немагчыма. Як паведамляюць расейскія крыніцы, прадстаўнікі ўраду Расеі патрабуюць ад Лукашэнкі выкананьня шэрагу ўмоваў. З найбольш цікавых гэта – прыватызацыя дзяржаўных манаполіяў і перш за ўсё ў паліўна-энэргетычным комплексе. Вядома, што расейскія кампаніі даўно прыглядаюцца да гэтых беларускіх прадпрыемстваў. Такім чынам, расейскі бок хоча выкарыстаць формулу "грошы у абмен на ўласнасьць".

Наўрад ці Лукашэнка хутка пагодзіцца на такі варыянт. І таму адзіны, хто яму можа дапамагчы – гэта Ўладзімер Пуцін, зь якім Лукашэнка меў сустрэчу позна ўвечары.

Акрамя таго, беларускі прэзыдэнт уручыў ордэн Францыска Скарыны некаторым палітычным дзеячам Расеі, у тым ліку Юрыю Лужкову і Генадзю Селязьнёву. Як вядома, гэты ордэн уручаецца людзям, што маюць найвялікшыя заслугі перад Беларусьсю. Невядома што азначаныя расейскім палітыкі зрабілі для Беларусі, але вось прыватна для Лукашэнкі яны зрабілі вельмі шмат. Той жа Генадзь Селязьнёў згуляў ці не вырашальную ролю у разгоне беларускага парлямэнту ў 96-м годзе. Магчыма, ордэн ён атрымаў і за гэта.

Увогуле ж, варта падкрэсьліць, што расейская прэса зьвяртае няшмат увагі на афіцыйную частку візыту. Больш абмяркоўваюць стан здароўя Лукашэнкі і тое, як ён гуляе у хакей. Мэдыцынскае заключэньне пра псыхічны стан здароўя беларускага прэзыдэнта перадрукавала газэта "Маскоўскі камсамолец" і некалькі інтэрнэт-выданьняў.

А што тычыцца хакею, то тут вэрдыкт таксама ня вельмі суцяшальны. Вось што напісала на гэты конт газэта "Коммерсантъ" (цытую): "У хакей ён гуляе, што і казаць, дрэнна. Калі нешта не атрымлівалася, Лукашэнка стучаў клюшкай, крычэў на судзьдзяў, а потым пагрозьліва глядзеў на трэнэра сваёй каманды". (канец цытаты) Карэспандэнт газэты піша, што быў сьведкам, калі гледачы раілі брамніку расейскай каманды заплюшчваць вочы, калі кідае Лукашэнка, каб той забіў гол. Брамнік, відаць, пачуў параду, і Лукашэнка ўсё ж забіў адзін гол.

XS
SM
MD
LG