Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 студзеня 2001 г.


Алесь Мікалайчанка, Маладэчна

(эфір 15 студзеня)
Сёньня у маладэчанскім гарвыканкаме адбыўся "круглы стол", у якім узялі ўдзел лідэр маладэчанскай філіі прафсаюзу прадпрымальнікаў "Садружнасьць", кіраўнікі вэртыкалі і мясцовых кантрольна-рэвізійных ворганаў.

Гэтай сустрэчы папярэднічаў агульны сход маладэчанскіх прадпрымальнікаў-страйкоўцаў, які адбыўся мінулае суботы ў палацы культуры, і ў якім узялі ўдзел больш за 300 дробных гандляроў. Сход вяла лідэр філіі прафсаюзу "Садружнасьць" Тамара Багачова. Яна тады падкрэсьліла, што страйк камэрсантаў – акцыя вымушаная, і ўзьнікла яна дзякуючы вядомай пастанове аб неабходнасьць праводзіць мытнае афармленьне закупленага камэрсантамі тавару вытворчасьці трэціх краінаў. Таму ў рэзалюцыі сходу, які па колькасьці ўдзельнікаў і эмацыйным напале прамоваў больш нагадваў мітынг, самым галоўным было патрабаваньне да ўраду краіны скасаваць новы парадак мытнага афармленьня тавараў.

Гэтую рэзалюцыю страйкоўцы і прынесьлі сёньня ў гарвыканкам, дзе апрача кіраўнікоў вэртыкалі знаходзіліся і прадстаўнікі тутэйшых кантрольных ворганаў. Прагучала такая лічба: супрацоўнікі згаданых ворганаў няпярэдадні страйку аформілі аж шэсьць пратаколаў наконт парушэньняў маладэчанскімі прадпрымальнікамі новай мытнай пастановы. Цяпер пратаколы знаходзяцца на разглядзе абласной мытні, і ў любы момант гандляры могуць быць аштрафаваныя. Кіраўнікі гарвыканкаму паабяцалі гандлярам, што яны аб сваім меркаваньні наконт згаданай пастановы паведамяць рэспубліканскаму мытнаму камітэту ды ў іншыя кантрольна-рэвізійныя інстанцыі краіны. Як сказала для Радыё Свабода прафсаюзная актывістка "Садружнасьці" Вольга Капцёнак, вялікіх прэтэнзіяў у гандляроў да гарадзкіх уладаў няма.

Маладэчанскія прадпрымальнікі чакаюць сустрэчных крокаў выключна ад ураду і адміністрацыі Лукашэнкі.

XS
SM
MD
LG