Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 студзеня 2001 г.


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Больш за 80 жыхароў Магілёва, пераважна актывісты магілёўскай абласной рэгіянальнай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу, заявілі гарвыканкаму пра намер правесьці 3 лютага пікет, мітынг і дэманстрацыю.

Гэтыя акцыі — пратэст супраць перасьледу актывістаў Свабоднага прафсаюзу і нежаданьня ўладаў рэгістраваць першасныя суполкі Свабоднага прафсаюзу. Цягам апошніх 14 месяцаў яны ня могуць зарэгістраваць у Магілёве свае першаснай арганізацыі. Чынавенства патрабуе, каб далі даведку пра юрыдычны адрас. Адрас жа адмаўляюцца прадастаўляць адміністрацыі прадпрыемстваў.

Акрамя таго, з шэрагу прадпрыемстваў, у прыватнасьці з Заводу штучнага валакна й Магілёўскага аўтазаводу звольнілі старшыняў першасных арганізацыяў. Да гэтага часу аблвыканкам адмаўляецца пайсьці на перамовы зь лідэрамі Свабоднага прафсаюзу.

Вядома, што суд Кастрычніцкага раёну задаволіў пазоў Свабоднага прафсаюзу з патрабаваньнем паставіць на ўлік некалькі першасных арганізацыяў у адміністрацыі Кастрычніцкага раёну. Аднак рашэньне дагэтуль ня выкананае.

Адначасова з накіраваньнем заявы чальцы Свабоднага прафсаюзу пачалі збор подпісаў сярод магілёўцаў, якія падтрымліваюць гэтую арганізацыю. Магілёўцы лічаць, што напярэдадні выбараў на прэзыдэнта іх пазбаўляюць права аб'яднацца ў прафсаюз ды не даюць кантраляваць выбараў, бо яны ня змогуць вылучыць сваіх прадстаўнікоў у склад выбарчых камісіяў.

Удзельнікі акцыі 3 лютага таксама мяркуюць пратэставаць супраць зьніжэньня жыцьцёвага ўзроўню працоўных і затрымак з выплатай заробкаў.

Аўтары заявы плянуюць наладзіць акцыю ў месцах, традыцыйна забароненых уладай: пікет ля аблвыканкаму, шэсьце па цэнтральнай вуліцы гораду і мітынг на Савецкай плошчы.

На думку лідэра магілёўскай абласной арганізацыі Свабоднага прафсаюзу Юр'я Новікава, акцыі пратэсту — крайняя мера, але цяпер яны ня бачаць іншых магчымасьцяў паўплываць на ўлады.

XS
SM
MD
LG