Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 студзеня 2001 г.


Алег Супрунюк, Берасьце

Удзельнiкi акцыi, якая праходзiла 10 сьнежня летась ля ўваходу ў цэнтральную ўнiвэрсальную краму Берасьця i была прымеркаваная да Дня правоў чалавека, сёньня былi пакараныя судом адмiнiстрацыйным штрафам у памеры ад 20 да 200 мiнiмальных заробкаў.

Больш за месяц цягнуўся ў судзе Ленiнскага раёну Берасьця разгляд адмiнiстрацыйных справаў Кiрыла Данько, Сяржука Бахуна, Яўгена Бяласiна, Уладзiмера Вялiчкiна i Алега Дыдышкi. 10 сьнежня 2000-га году яны былi затрыманыя i адвезеныя ў Ленiнскi РАЎС, дзе iх абвiнавацiлi ў парушэньнi парадку правядзеньня пiкетаваньня, а таксама ў непадпарадкаваньнi патрабаваньням супрацоўнiкаў мiлiцыi. У вынiку на загад начальнiка РАЎС Аркадзя Касьцючыка, якi асабiста кiраваў дзеяньнямi сваiх падначаленых, усе пяцёра затрыманых правялi ноч у iзалятары часовага ўтрыманьня. Але ранiцай 11 сьнежня, калi iх адвезьлi ў cуд, высьветлiлася, што супрацоўнiкi мiлiцыi не растлумачылi затрыманым iхнiя правы i нават не склалi адпаведным чынам пратаколы.

Таму судьдзя Алег Мiранюк быў вымушаны вярнуць справу ў Ленiнскi РАЎС. Амаль праз месяц, калi судовы працэс аднавiўся, у матэрыялах справы ўсё яшчэ адсутнiчалi пратаколы аб затрыманьнях (мiж тым, кожны з затрыманых правёў у пастарунку больш за суткi, што таксама супярэчыць заканадаўству). Толькi сёньня неабходныя пратаколы зьявiлiся ў судзе, але адказчыкi i прадстаўнiк праваабарончага цэнтру "Вясна" Уладзiмер Малей, заявiлi, што згаданыя дакумэнты сфальсыфiкаваныя, бо былi складзены ўжо пасьля падзеi i зусiм iншымi мiлiцыянтамi, якiя не прымалi ўдзел у затрыманьнях. Акрамя таго, па словах спадара Малея, акцыю 10 сьнежня нельга лiчыць пiкетаваньнем: у гэты дзень адбывалася iнфармаваньне грамадзянаў пра падзеi ў краiне, нагадвалася пра парушэньнi законаў на Беларусi ды йшло распаўсюджваньне тэксту Ўсеагульнай дэклярацыi правоў чалавека.

Тым ня менш гэтыя аргумэнты былi адхiленыя судзьдзёй Мiранюком, якi цалкам пагадзiўся з пунктам погляду на падзеi, што адбывалiся 10 сьнежня летась, супрацоўнiкаў мiлiцыi. У вынiку Кiрыл Данько, Уладзiмер Вялiчкiн i Алег Дыдышка былi пакараныя адмiнiстрацыйным штрафам у памеры 20 мiнiмальных заробкаў (альбо 72 тысячы рублёў). Сяржук Бахун i Яўген Бяласiн, якiя раней ужо прыцягвалiся да адмiнiстрацыйнай адказнасьцi, цяпер былi пакараны больш сувора – штрафам у памеры дзьвюхсот мiнiмальных заробкаў (альбо па 720 тысячаў рублёў кожны). Вось як успрыняў гэтае рашэньне Яўген Бяласiн:

(Бяласін: ) "Што да жорсткасьцi прысуду, то заўважна, што ёсьць ухiл у тым, каб тых, хто калi-небудзь ужо заявiў пра сябе як чалавек, якi ня згодны з нейкай палiтыкай, якая праводзiцца ў нас, каб гэтага чалавека пакараць у дзесяць разоў больш сувора, каб запалохаць яго. Гэта значыць, што дадзены заказ на запалохваньне грамадзян".

Гэта быў Яўген Бяласiн, якому сёньня быў прысуджаны штраф памерам у 200 мiнiмальных заробкаў. Ён, як i астатнiя адказчыкi па гэтай справе, выказаў нязгоду зь абвешчаным выракам i зьбiраецца абскарджваць прынятае рашэньне ў абласным судзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG