Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 студзеня 2001 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Мечыслаў Грыб, былы старшыня Вярхоўнага Савету, трапіў у аўтамабільную аварыю. Аўтамабіль, якім ехаў М.Грыб, перакуліўся на шашы непадалёк ад Лагойску. Усе ўдзельнікі здарэньня атрымалі нязначныя цялесныя пашкоджаньні.

Экс-старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб, а таксама прэзыдэнт Фонду імя Лява Сапегі Міраслаў Кобаса трапілі ў аўтамабільную аварыю. Яны вярталіся мінулай пятніцай зь Віцебску, з паседжаньня Каардынацыйнай рады мясцовых дэмакратычных арганізацыяў.

Аварыя адбылася непадалёк ад Лагойску. Аўтамабіль "Опэль", якім ехалі Грыб ды Кобаса (кіраваў іхны знаёмы) занесла ў кювэт, дзе аўтамабіль перакуліўся. Усе трох атрымалі нязначныя цялесныя пашкоджаньні.

М.Грыбу пашкодзіла нагу, але сёньня, паводле ягоных словаў, ён пачуваецца добра. Экс-старшыня Вярхоўнага Савету нават не зьвяртаўся па дапамогу лекараў.

М.Грыб прычынай інцыдэнту лічыць галалёд ды тое, што кіроўца ня справіўся з кіраваньнем з-за цяжкіх умоваў надвор'я. Спробу дывэрсіі экс-старшыня Вярхоўнага Савету выключае. Паводле спадара Грыба, дзяржаўная аўтаінспэкцыя ведае пра здарэньне, і там трымаюцца гэткага ж меркаваньня пра ягоныя прычыны.

М.Грыб ажно трэці раз за жыцьцё трапляе ў аўтамабільную аварыю. Першы раз тое здарылася ў сярэдзіне 1950-х гадоў пад Днепрапятроўскам. Тады перакуліўся бартавы аўтамабіль, у кузаве якога на ўборку ўраджаю ехалі курсанты пажарнай вучэльні, разам з М.Грыбам. Як вынік, некалькі чалавек атрымалі дужа цяжкія траўмы, але будучы кіраўнік беларускага парлямэнту — толькі некалькі драпінаў.

Другое здарэньне было ў 1960 годзе ля пасёлку Пліса Віцебскай вобласьці ды мела больш сур'ёзны вынік — Грыб трапіў у шпіталь з траўмай рукі.

З дэпутатаў Вярхоўнага Савету, а таксама цяперашняга непрызнанага Нацыянальнага сходу шмат хто трапляў у здарэньні на дарогах. Статыстыка апошніх двух гадоў выдзяляе з гэтых здарэньняў трагічныя.

На жаль, сьмерцю завершыліся аўтааварыі для кіраўніка Пастаўскага райвыканкаму Анатоля Чэпіка і дырэктара піўзаводу "Аліварыя" Тамары Дудко. Асноўнай прычынай гэтых аварыяў таксама называлі перавышэньне хуткасьці ды дрэнныя ўмовы надвор'я.

XS
SM
MD
LG