Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 15 студзеня 2001 г.


Альгерд Невяроўскі. Менск

Аб'яднаная Грамадзянская Партыя Беларусі атрымала статус сталага назіральніка ў Эўрапейскім Дэмакратычным Зьвязе — уплывовай палітычнай арганізацыі, што аб'ядноўвае правацэнтрысцкія партыі Эўропы. АГП стала першай партыяй з краінаў СНД, якая здолела атрымаць такі статус.

Статус сталага назіральніка пры Эўрапейскім Дэмакратычным Зьвязе быў нададзены Грамадзянскай Партыі некалькі дзён таму ў Бэрліне, дзе праходзіла канфэрэнцыя гэтай арганізацыі.

АГП на бэрлінскай канфэрэнцыі прадстаўлялі старшыня партыі Анатоль Лябедзька й ягоны намесьнік Яраслаў Раманчук. Лідэры Аб'яднанай Грамадзянскай Партыі сустрэліся ў Бэрліне з уплывовымі эўрапейскімі палітыкамі: былым канцлерам Нямеччыны Гельмутам Колем, цяперашняй старшынёй нямецкага Хрысьціянска- дэмакратычнага саюзу Ангелай Мэркель, лідэрам партыі брытанскіх кансэрватараў Уільямам Хэйгам, былым прэм'ер-міністрам Італіі Сыльвіё Бэрлюсконі, цяперашнім кіраўніком ураду Эстоніі Мартам Лаарам ды зь іншымі.

Як вынік гэтых сустэчаў, спадарыня Мэркель паабяцала спадарам Лябедзьку й Раманчуку наладзіць больш шчыльнае супрацоўніцтва паміж нямецкімі хрысьціянскімі дэмакратамі ды прадстаўнікамі беларускай апазыцыі.

А Гельмут Коль, паводле Анатоля Лябедзькі, выказваў асаблівую занепакоенасьць сытуацыяй у Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Тое, што Аб'яднаную Грамадзянскую Партыю Беларусі запрасілі ў гэты ўплывовы палітычны клюб, ейны лідэр лічыць вялікім дасягненьнем дэмакратычных сілаў Беларусі.

Гаворыць Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) "Найгалоўнейшы вынік — тое, што дачыненьні з эўрапейскімі цэнтрысцкімі ды правацэнтрысцкімі партыямі маюць грунтоўную прававую базу.

Мы — сталыя назіральнікі ў Эўрапейскім Дэмакратычным Зьвязе, гэта "парасонавая" арганізацыя, шгто аб'ядноўвае ў сваіх шэрагах правацэнтрысцкія партыі. Гэта дае мажлівасьць нам зараз працаваць значна больш эфэктыўна.

Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, натуральна, гэта для нас вельмі моцная падтрымка, і маральная, і палітычная".

Лідэр Аб'яднанай Грамадзянскай Партыі таксама выступіў з прамовай перад эўрапейскімі палітыкамі. Анатоль Лябедзька заклікаў лідэраў правацэнтрысцкіх партыяў Эўропы больш актыўна падтрымліваць дэмакратычную апазыцыю ў Беларусі, а таксама актывізаваць міжпарлямэнцкія кантакты з дэпутатамі Вярхоўнага Савету ў рамках АБСЭ, Рады Эўропы ды іншых міжнародных структураў.

Прадстаўнікі эўрапейскіх правых партыяў прысьвяцілі сытуацыі ў Беларусі цэлы абзац гэтак званае бэрлінскае дэклярацыі. Эўрапейскія палітыкі будуць больш актыўна патрабаваць ад уладаў Беларусі хутчэйшага вызваленьня Андрэя Клімава й Уладзімера Кудзінава, а таксама актыўна падтрымліваць АГП і яе партнэраў па дэмакратычнай кааліцыі.

Канкрэтныя праекты дапамогі эўрапейскіх партыяў прадстаўнікам беларускай апазыцыі будуць абмеркаваныя на пачатку вясны падчас візыту ў Менск дэлегацыі Эўрапейскага Дэмакратычнага Зьвязу.

XS
SM
MD
LG