Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 студзеня 2001 г.


Казімер Яноўскі, Рэчыца

У нядзелю збольшага пачалі працу прадпрымальнікі рэчавага рынку Рэчыцы. У Рагачове дробныя гандляры прамысловымі таварамі адновяць працу пасьля страйку заўтра, 16 студзеня.

І рэччане, і рагачоўцы былі найбольш салідарныя ў Гомельскай вобласьці, адстойваючы свае правы. Яны працягвалі страйк, нягледзячы на тое, што суседзі — прадпрымальнікі Калінкавічаў, Мазыру і нават абласнога цэнтру — спынілі свае акцыі пратэсту яшчэ 6 студзеня.

Па агульным меркаваньні, на працягласьць страйку ў Рэчыцы й Рагачове найперш паўплывала арганізаванасьць. Якраз у Рэчыцы напрыканцы мінулага году была створаная гарадзкая суполка Свабоднага прафсаюзу прадпрымальнікаў, на сходзе якой дробныя гандляры ўпершыню прыйшлі да высновы, што ўціск уладаў пагражае існаваньню дробнага бізнэсу.

У Рагачове ўтворанае Грамадзкае аб'яднаньне прадпрымальнікаў, якое ўзначаліў Уладзімер Ціхінскі. Аб'яднаньне выступіла каардынатарам акцыі пратэсту.

Тым ня менш, агульнага задавальненьня ад страйку ў рэгіёне ў дробных бізнэсоўцаў няма. Яны адчулі раздробленасьць і нескардынаванасьць тэрмінаў дзеяньняў у розных гарадох краіны. Да таго ж праблемы дробных бізнэсоўцаў на ўзроўні ўраду пакуль ня вырашаны.

Мясцовыя ўлады таксама імкнуліся не рэагаваць на акцыю пратэсту, паколькі з-за яе не панесьлі істотных фінансавых стратаў. Паводле беларускага заканадаўства, прадпрымальнікам зьніжаюцца падаткі на 20% толькі тады, калі яны не працуюць 14 і больш працоўных дзён.

Вось што распавяла намесьніца старшыні Рагачоўскага аб'яднаньня прадпрымальнікаў Ала Гурэвіч:

(Гурэвіч: ) "Атрымліваецца, што мы падаткі заплацілі, а працаваць не працавалі. Мы сваіх прыбыткаў не атрымалі, а дзяржава, за невялікім выключэньнем, іх мела.

Трэба шукаць больш эфэктыўных захадаў для дзяржавы — каб яна адчула, хто такія прадпрымальнікі. І каб гэтыя захады былі не такія балючыя для самых бізнэсоўцаў. Лепей нават не працаваць месяц і не плаціць падаткаў наогул".

Старшыня Свабоднага прафсаюзу з Рэчыцы Зураб Барбакадзэ лічыць, што больш заўважнымі за кароткатэрміновыя страйкі могуць быць пэрыядычныя мітынгі, на якіх прадпрымальнікі публічна заявяць гараджанам пра нявырашаныя ўладамі праблемы.

Барбакадзэ перакананы, што ўціск, і асабліва канфіскацыя маёмасьці дробных прадпрымальнікаў за нязначныя парушэньні, будзе ўзмацняцца: для ўладаў — гэта адна з крыніцаў папаўненьня сродкаў на наступныя прэзыдэнцкія выбары.

XS
SM
MD
LG