Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 студзеня 2001 г.


Алена Ціхановіч, Прага

У Баўгарыі на экраны телебачаньня выйшаў дакумэнтальны фільм, дзе раскрываюцца факты прымусовай асыміляцыі этнічных туркаў пры камуністычным рэжыме Тодара Жыўкава. Пракуратура зьбіраецца вярнуцца да расьсьледаваньня дзейнасьці тагачаснага кіраўніцтва краіны.

Пасьля падзеньня рэжыму Тодара Жыўкава вайсковы суд Сафіі разглядаў абвінавачаньні некаторых службовых асобаў за правядзеньне палітыкі асыміляцыі. Аднак у 1999-м годзе расьсьледаваньне было спыненае, паколькі на той час, паводле заявы пракуратуры, не было ясных доказаў, хто аддаваў падобныя загады. Карэспандэнт Радыё Свабода Тацяна Ваксбэрг знайшла ў архівах кампартыі раней невядомыя грамадзскасьці дакумэнты. Яны сьведчаць, што, напрыклад, былы прэм'ер краіны Георгі Анастасаў у студзені 1985 году даваў указаньні праводзіць асыміляцыю этнічных туркаў, што жылі на поўначы краіны.

Ваксбэрг таксама знайшла загад міністра ўнутраных справаў Дзімітара Стоянава, які прадпісваў сакрэтным службам распачаць кампанію этнічных чыстак. Хаця журналістка не знайшла ніводнага загаду самога Жыўкава, у запісах паседжаньняў Палітбюро ёсьць сьведчаньні, што Жыўкаў ухваліў гэтую праграму.

Фільм, зроблены на падставе знойдзеных журналісткай дакумэнтаў, выклікаў бурную рэакцыю ў грамадзстве: яго паказ па тэлебачаньні для многіх баўгараў стаў першай магчымасьцю даведацца пра тое, што адбывалася з этнічнымі туркамі ў іх краіне на працягу 80-х гадоў. Прэм'ер-міністар Баўгарыі Іван Костаў, сябра антыкамуністычнага саюзу дэмакратычных сілаў, пасьля фільма сказаў:

(Костаў: ) "Сама праграма дэпартацыі ў свой час называлася "асыміляцыяй", але гэтае слова ўсе баўгары ўспрымаюць з сарказмам. Мы павінны пачаць называць рэчы сваімі імёнамі – сапраўды дэпартацыяй або спробай этнічных чыстак".

Прымусовая асыміляцыя праводзілася як праграма масавых рэпрэсіяў. Каля мільёну этнічных туркаў у Баўгарыі былі прымушаныя прымаць славянскія імёны, часта пад руляй пісталета. Тых, хто адмаўляўся – зьбівалі, канфіскоўвалі ў іх дакумэнты. Ісламскія абрады, як і культурныя традыцыі туркаў забараняліся. За ўжываньне гутарковай турэцкай мовы накладаліся нават штрафы, як, напрыклад, і за адмову сьцерці турэцкамоўны надпіс на магільным камяні.

Гэтая кампанія прывяла да бунтаў сярод этнічных туркаў, у выніку чаго Жыўкаў дэпартаваў тысячы іх актывістаў і пазьней даў дазвол этнічным туркам эміграваць у Турцыю. Анкара сьведчыць, што ў 1989 годзе ў краіну прыехалі каля 370 тысячаў баўгарскіх туркаў. Увесь гэты час дзяржаўная прапаганда сьцьвярджала, што кампанія па замене турэцкіх імёнаў была добраахвотным актам мясцовых музульманаў. Нават сёньня многія прыхільнікі Сацыялістычнай партыі падзяляюць ранейшае сьцьверджаньне Жыўкава, што тут не было этнічных баўгарскіх туркаў, а былі толькі баўгарскія славяне мусульманскай веры.

XS
SM
MD
LG