Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 студзеня 2001 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

(Эфір 13 Студзеня)
У гэтую суботу будзе 617 дзён, як зьнік Юры Захаранка.

485 дзён, як зьніклі Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі.
189 дзён таму зьнік Зьміцер Завадзкі.
Васіль Лявонаў зьехаў зь Менску. Дзе знаходіцца экс-міністар, сваякі ня кажуць. Адвакатка дэпутата Ўладзімера Кудзінава Тацяна Станкевіч перакананая, што яе падабаронны неўзабаве выйдзе на волю. Зварот дапамагчы выкупіць Андрэя Клімава будзе накіраваны на адрас эўрапейскіх структураў. Сьледчыя, што займаюцца зьнікненьнем Зьмітра Завадзкага, папярэджваюць, каб журналіст не пісаў пра гэта.

На мінулым тыдні я паведамляў, што Васіль Лявонаў і ягоная жонка Антаніна думаюць, ці ня зьехаць часова зь Менску. Гэткі крок разглядаўся як адказ на зьвесткі пра магчымыя правакацыі супраць Лявонава, які ўжо правёў у беларускіх турмах тры гады.

Паводле інфармацыі, якую атрымліваў былы міністар, яго могуць зноў кінуць за краты. І вось ужо некалькі дзён, як хатні тэлефон Лявонавых не адказвае. Як удалося высьветліць, экс-міністар з жонкай сапраўды зьехалі са сталіцы, а куды — сваякі не паведамляюць. "Калі трэба нешта перадаць, давайце вашую інфармацыю, мы ім перадамо", — адказаў адзін са сваякоў Лявонава.

Калі скончыцца добраахвотнае выгнаньне Васіля Лявонава з роднага дому, сваяк не ўдакладніў, але пацьвердзіў, што яно зьвязанае зь нядаўнімі пагрозамі.

З пагрозамі на свой адрас сутыкаюцца й беларускія журналісты, цікаўныя да тэмы палітычных перасьледаў і зьнікненьняў вядомых дзеячоў у нашай краіне. Гэтым тыднем да сьледчых, якія вядуць справу апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага , быў тэрмінова выкліканы карэспандэнт інфармацыйнай агенцыі БелаПАН Генадзь Барбарыч.

Сьледчыя цікавіліся, адкуль у Барбарыча зьвесткі пра тое, быццам адзін з затрыманых па гэтай справе даслаў на волю ліст, паводле якога яго прымушаюць ўзяць на сябе віну за тое, чаго ён не рабіў. Як зразумеў Генадзь Барбарыч , мэта сьледчых была хутчэй прафіляктычная.

(Барбарыч: ) "Сьледчы вельмі настойліва, разоў пяцьдзясят, казаў мне: "Ня ўмешвайцеся ў гэтую справу, не перашкаджайце мне! Не перабягайце мне дарогі". Ён нават ускочыў з крэсла, падбег да мяне, нахіліўся і паўтарыў гэта тварам да твару, некалькі разоў. Псыхалягічна гэта было даволі напружана".

Генадзь Барбарыч кажа, што сьледчыя спрабавалі ўзяць у яго падпіску пра невыдаваньне матэрыялаў справы ў якасьці сведкі, але ён такіх абавязацельстваў на сябе ня ўзяў.

"Мне вядомы такі мэтад: робяць з журналіста сьведку невядома чаго, каб потым шантажаваць крымінальнай адказнасьцю і не даваць яму падаваць свае зьвесткі пра справу", — пракамэнтаваў журналіст патрабаваньні сьледчых. Паводле маіх зьвестак, яго наўпрост папярэджвалі не пісаць анічога пра знікненьне Завадзкага, бо гэта вельмі небясьпечна.

Тацяна Станкевіч, адвакатка дэпутата Ўладзімера Кудзінава, перакананая, што неўзабаве ён будзе на волі. 3-га студзеня адвакатка падала скаргу пра перагляд справы з улікам новага кодэксу. Адказу пакуль няма, але Тацяна Станкевіч мяркуе, што адказваць на яе ўладам так і так давядзецца.

Паводле новага кодэксу, злачынства, што было інкрымінаванае Кудзінаву, караецца тэрмінам ад 3 да 5 гадоў турмы, а дэпутат ужо адседзеў 4 гады, да таго ж 2 гады яму скасавалі па амністыі.

"Так ці інакш, яго абавязаныя выпусьціць на волю", — кажа Тацяна Станкевіч.

З Аб'яднанай Грамадзянскай Партыі прыйшлі зьвесткі пра тое, што там рыхтуецца зварот да Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ з просьбай дапамагчы ў зборы сродкаў, каб выкупіць зь няволі дэпутата Андрэя Клімава.

"Рэжым заявіў, што калі так званыя страты, быццам нанесеныя Клімавым, будуць пакрытыя, то яго выпусьцяць на волю. Безумоўна, гэта падобна да палітычнага тэрарызму. Але гаворка ідзе пра нашага сябра. Мы будзем зьвяртацца й да міжнародных арганізацыяў, каб сабраць грошы", — заявіў з гэтай нагоды лідэр АГП Анатоль Лябедзька.

І апошняя інфармацыя тычыцца справаў Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Зноў жа АГП паведаміла пра адказ з Расейскай Думы на іхны запыт, ці знойдзеныя ў Расеі нейкія зьвесткі пра знаходжаньне там Ганчара й Красоўскага. Дэпутат ад зьвязу "Правых Сілаў" Алег Навумаў сьцьвярджае, што гэткіх зьвестак няма.

"Цяпер Віктар Ганчар абвешчаны ў дзяржаўны вышук на тэрыторыі Расеі. Калі зьявяцца нейкія зьвесткі, вам абавязкова паведамяць", — запэўнівае дэпутат Навумаў намесьніка старшыні АГП Паўла Данейку.

XS
SM
MD
LG