Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 студзеня 2001 г.


Валянціна Аксак, Менск

Уладзімер Мулявін сьвяткуе 60-годзьдзе. Што праўда, у музычна-культурніцкіх колах Беларусі з гэтае нагоды няма аніякіх публічных імпрэзаў.

Спачатку плянаваўся вялікі канцэрт "Песьняроў" у менскім Палацы спорту. Але сёньня ў Міністэрстве культуры мне выразна ніхто ня змог патлумачыць, чаму ўсё ж гэты канцэрт не адбыўся. Мажліва, ён проста перанесены на больш позьні час.

А можа, у Беларусі, дзе 30 гадоў таму расьцьвіла кветка таленту стваральніка ды нязьменнага кіраўніка "Песьняроў", аніякіх музычных імпрэзаў з нагоды ягонага 60-годзьдзя й ня будзе. Як, дарэчы, і ўзнагародаў.

Чыноўнікі зь Міністэрства паведамілі, што яны павіншавалі Мулявіна адмысловай тэлеграмай. І на сёньня гэта ўсё. Ходзяць, аднак, чуткі, што, мажліва, Мулявіну дадуць ордэн Францыска Скарыны.

Але пакуль тое, візытоўка беларускага сьпеўнага мастацтва семідзясятых-васьмідзясятых гадоў паедзе сьвяткаваць сваю асабістую круглую дату ды 30-годзьдзе ансамблю ў Маскву. Там, у канцэртнай залі "Россия" 21 студзеня выступленьнем калектыву завершацца афіцыйныя Дні беларускае культуры ў Расеі.

Уладзімер Мулявін будзе выступаць з новым складам беларускага дзяржаўнага ансамблю "Песьняры". Стары склад, як вядома, распаўся неўзабаве пасьля апошняга знакавага выступу ў Белдзяржфілярмоніі ў 1991 годзе з праграмаю на вершы Максіма Багдановіча, у якую ўваходзіла і "Песьняроўская" музычная вэрсія "Пагоні".

А пасьля таго, як зьехалі ў Амэрыку салісты Барткевіч ды Кашапараў, усе спробы рэанімацыі былое гучнае славы ансамблю не давалі жаданага эфэкту. Колькігадовы творчы крызыс закончыўся разьдзелам калектыву. І сёньня газэта "ЛіМ" надрукавала адмысловае вітаньне Мулявіну з гэтай нагоды:

Мабыць, песьняй
"Песьняры",
Як эстрадныя зубры,
Захмялілі слухача,
Што дваіцца
У вачах…

Двайнікі — "Беларускія песьняры" — на маскоўскі юбілейны канцэрт не запрошаныя. Запрошаныя ж "Сябры" — з Анатолем Ярмоленкам, Ігар Лучанок (сам сабою) ды Міхаіл Фінберг зь Дзяржаўным канцэртным аркестрам Беларусі. А таксама зоркі савецкае расейскае эстрады: Ала Пугачова, Іосіф Кабзон ды іншыя.

Будзе й неспадзяванка. Зьявяцца перад публікаю некаторыя былыя "Песьняроўцы". Гэтак абяцаў у часе свайго леташняга прыезду на радзіму Леанід Барткевіч.

Перад канцэртам у Маскве будзе закладзеная гэтак званая зорка Ўладзімера Мулявіна. Гэта будзе ўжо другая — пасьля Ігара Лучанка — зорка беларускае поп-музыкі ў сталіцы Расеі. Яе закладку фундуе маскоўская мэрыя.

Усё гэта чакаецца, нагадаем, 21 студзеня ў Маскве. І да гэтых імпрэзаў сёньняшні імяніньнік цалюткі дзень, не адказваючы на тэлефанаваньні, рыхтаваўся ў сваёй менскай студыі.

XS
SM
MD
LG