Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 студзеня 2001 г.


Міхал Стэльмак, Менск

У Менску знаходзіцца старшыня дэпутацкай групы па беларуска-нямецкім супрацоўніцтве Парлямэнту Нямеччыны Ўта Цапф.

Візыт дэпутаткі нямецкага Бундэстагу прымеркаваны да адкрыцьця Ўрадам Нямеччыны ў Менску Прадстаўніцтва нямецкай эканомікі. Аднак спадарыню Цапф цікавіць і палітычная сытуацыя ў Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

У адмысловым інтэрвію нашаму радыё яна паведаміла:

(Цапф: ) "Я была тут напярэдадні выбараў у парлямэнт, а зараз прыехала, каб атрымаць інфармацыю, зьвязаную з наступнымі прэзыдэнцкімі выбарамі.

Мы паведамілі адміністрацыі Лукашэнкі, што хацелі б бачыць гэтыя выбары дэмакратычнымі, свабоднымі й празрыстымі. Мы таксама заўважылі, што мінулыя парлямэнцкія выбары не былі ані дэмакратычнымі, ані свабоднымі, як гэта мусіць быць у цывілізаваным сьвеце.

Мы таксама падтрымліваем працу місіі АБСЭ, што ўзначальвае сп.Вік, які імкнецца ўплываць на працэс дэмакратызацыі. На ўсіх узроўнях у размовах з афіцыйнымі асобамі мы гаворым, што гэты шлях дэмакратызацыі павінен быць незваротным.

Мы таксама імкнемся падтрымліваць апазыцыйных палітыкаў, каб тыя маглі ўдзельнічаць у свабодных і дэмакратычных выбарах і каб яны мелі доступ да сродкаў масавай інфармацыі.

Я невыпадкова прыехала сюды напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, бо каб гэтыя выбары адбыліся, патрэбна мець пэўныя рамкавыя ўмовы. Якраз цяпер, напярэдадні выбараў, і вызначаюцца гэтыя рамкавыя ўмовы", — зазначыла Ўта Цапф.

Старшыня дэпутацкай групы Бундэстагу па беларуска-нямецкім супрацоўніцтве ўдзельнічала ў адкрыцьці Ўрадам ФРН Прадстаўніцтва нямецкай эканомікі ў Менску.

Са словаў спадарыні Цапф, Бэрлін мяркуе спрыяць дэмакратызацыі Беларусі таксама праз разьвіццё эканамічных дачыненьняў.

Сёньня на прэсавай канфэрэнцыі афіцыйных прадстаўнікоў ФРН прагучалі словы, што пасьля меркаванага далучэньня Польшчы да Эўразьвязу Беларусь наблізіцца да эканамічнага рынку Нямеччыны. З гэтай прычыны Бэрліну важна, каб Менск зьмяніў свае эканамічныя парадкі дзеля прагрэсу двухбаковых дачыненьняў.

Сёньня афіцыйныя асобы Нямеччыны гэтую пазыцыю агучылі й на сустрэчы зь міністрам замежных справаў Беларусі Міхалам Хвастовым. На іхную думку, умовы для экспарту ў Беларусь нямецкіх тавараў апошнім часам неспрыяльныя. Як заявіла нашаму радыё Ўта Цапф, гэтая тэндэнцыя зьменіцца толькі тады, калі ў Беларусі будзе забясьпечаны спрыяльны эканамічны клімат для нямецкіх прадпрыемстваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG