Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 студзеня 2001 г.


Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць

Камiтэт дзяржаўнага кантролю па Берасьцейскай вобласьцi прызнаў незадавальняючай працу кiраўнiкоў Iвацэвiцкага райвыканкаму. Ня выключана, што некаторыя чыноўнiкi мясцовай вэртыкалi будуць прыцягнутыя i да крымiнальнай адказнасьцi за сваю дзейнасьць.

Сваю праверку Камiтэт дзяржаўнага кантролю распачаў яшчэ падчас кiраваньня Iвацэвiцкiм райвыканкамам Уладзiмера Ляцягi. Але не дачакаўшыся вынiкаў гэтай праверкi, берасьцейскiя абласныя ўлады вырашылi адправiць спадара Ляцягу ў адстаўку. Цяпер ён займае сьцiплую пасаду намесьнiка начальнiка мясцовай перасовачна-мэханiзаванай калёны i не выказвае жаданьня кантактаваць зь журналiстамi. На месца старшынi Iвацэвiцкага райвыканкаму прызначаны Аляксандар Няхаеў, якi дагэтуль кiраваў маларыцкай вэртыкальлю.

Толькi пасьля адпаведных кадравых зьменаў кантралёры абвесьцiлi пра вынiкi сваёй праверкi. Асноўныя прэтэнзii тычылiся эканамiчнага заняпаду гэтага рэгiёну Берасьцейскай вобласьцi. Iвацэвiцкi раён трывала займае адно з апошнiх месцаў па вытворчасьцi сельгаспрадукцыi. Так, вытворчасьць мяса за мiнулы год скарацiлася на 12, а малака – на 17 адсоткаў. Але нават маючы такiя вынiкi сваёй працы, мясцовыя чыноўнiкi не забывалiся пра ўласны дабрабыт. У абласным Камiтэце дзяржкантролю сьцьвярджаюць, што iмi выяўлена дастатковая колькасьць парушэньняў закону, у тым лiку пры прыняцьцi райвыканкамам рашэньняў аб выкарыстаньнi дзяржаўнай маёмасьцi.

Па некаторых зьвестках, размова iдзе, у прыватнасьцi, i пра былую маёмасьць камэрцыйнай фiрмы дэпутата Ўладзiмера Кудзiнава, якi абiраўся ў Вярхоўны Савет 13-га склiканьня па Iвацэвiцкай акрузе. Пасьля таго, як Кудзiнаў апынуўся за кратамi, гэтую маёмасьць сканфiскавалi, але знайсьцi новага паўнавартаснага гаспадара чыноўнiкi так i ня здолелi. Таму i прыбытку ў мясцовы бюджэт яна не прыносiць.

Па вынiках праверкi тры намесьнiкi старшынi райвыканкаму, кiраўнiкi аддзелаў капiтальнага будаўнiцтва i адукацыi атрымалi дысцыплiнарныя спагнаньнi. Цяпер матэрыялы на некаторых зь iвацэвiцкiх чыноўнiкаў трапiлi ў пракуратуру, якая i будзе вырашаць – цi варта распачынаць супраць iх крымiнальную справу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG