Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 студзеня 2001 г.


Браніслава Станкевіч, Ворша

Днямі ў Воршы выйшаў першы нумар новага інфармацыйна-публіцыстычнага бюлетэня пад назваю "За перамены".

Новае аршанскае выданьне "За перамены" — друкаваны орган аднайменнага народнага руху. Народны рух "За перамены" быў створаны адразу пасьля першага туру мінулых выбараў у Палату прадстаўнікоў.

Стваральнікі выданьня — аршанцы, былыя кандыдаты ў дэпутаты па дзьвюх аршанскіх акругах, якія прайгралі выбары відавочным вылучэнцам ад дзяржаўных уладаў.

Сёньня да руху "За перамены" належаць 9 былых кандыдатаў ад дэпутатаў з Аршаншчыны ды Дубровеншчыны, а таксама аршанскія філіі Беларускай Дэмакратычнай Партыі, Партыі Камуністаў Беларускай, Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай партыі "Народная Грамада", Бараньская філія гэтай партыі і некалькі ўдзельнікаў з грамадзкіх арганізацыяў.

Бюлетэнь "За перамены" паводле плянаў сваіх выдаўцоў мае весьці прававую асьвету сярод жыхароў Аршаншчыны, адлюстроўваць падрыхтоўку да наступных прэзыдэнцкіх выбараў ды асьвятляць найбольш важныя палітычныя ды культурныя падзеі ў рэгіёне. Усё гэта дакляруе рэдактар бюлетэня "За перамены" Аляксандар Сталяроў на першай старонцы свайго выданьня.

На другой старонцы зьмешчаная праграмная заява стваральнікаў руху "За перамены" з прапановаю далучацца да іх. А ўсе астатнія матэрыялы прысьвечаныя аналізу правядзеньня ды вынікаў мінулых выбараў на Аршаншчыне.

Першы нумар бюлетэня "За перамены", датаваны студзенем 2001 году, выйшаў накладам 299 асобнікаў і распаўсюджваецца бясплатна. Надалей выданьне мусіць быць штомесячнікам.

XS
SM
MD
LG