Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 11 студзеня 2001 г.


Кастусь Бандарук, Прага

У 1993 годзе пад эгідай ААН быў створаны Міжнародны трыбунал з сядзібай у Гаазе для разгляду ваенных злачынстваў у былой Югаславіі. Дагэтуль, перад Судом сталі і былі засуджаныя некалькі дзясяткаў ваенных злачынцаў, затое не ўдаецца прыцягнуць да адказнасьці галоўных абвінавачаных, у тым ліку былога прэзыдэнта Югаславіі Слабадана Мілошавіча. У аўторак неспадзявана ў Гаагу прыбыла першая жанчына, якая калі-небудзь стаяла перад гэтым судом – былы прэзыдэнт Сэрбскай Рэспублікі ў Босьніі Більяна Плавсіч.

Зьяўленьне Більяны Плавсіч у Гаазе і ейнае затрыманьне, пацьвердзіла ўчора Генэральны Пракурор Міжнароднага Трыбуналу – Карля дэль Понтэ:

(Крля дэль Понтэ: ) "Я пацьвярджаю, што Більяна Плавсіч дабраахвотна здалася сёньня Міжнароднаму Трыбуналу ў Гаазе. Яна абвінавачваецца ў генацыдзе, злачынствах супраць чалавецтва, парушэньні законаў і звычаяў вядзеньня вайны ў адпаведнасьці з Жэнэўскай Канвэнцыяй у Босьніі і Герцагавіне ў 91-92-м гадох".

Адначасова трыбунал паведаміў, што хаця прозьвішча Плавсіч адсутнічала ў сьпісе ваенных злачынцаў, аднак ужо 7-га красавіка летась, супраць Плавсіч было высунатае закрытае абвінавачаньне. На 13-ці старонках абвінавачаньня, у прыватнасьці, гаворыцца, што згаданыя вышэй злачынствы, яна зьдзяйсьняла разам зь іншымі сэрбскімі лідэрамі: Радаванам Караджычам і Мамчыла Крайішнікам. Першы зь іх дагэтуль ня злоўлены, а другі зараз знаходзіцца ў сьледчым ізалятары Трыбуналу. Летась Крайішніка арыштавалі французкія вайскоўцы, і мяркуецца, што сёлета ён таксама стане перад судом. Усе трое ў прыватнасьці абвінавачваюцца ў тым, што ў пэрыяд з красавіка да лістапада 92-га году арганізавалі альбо дазволілі масавыя забойствы як мінімум 900 чалавек. Трыбунал ускладае на іх адказнасьць таксама за тое, што зь ліпеня 91-га, яны арганізавалі этнічныя чысткі харватаў і мусульманаў і санкцыянавалі стварэньне 20-ці канцэнтрацыйных лягераў, дзе вязьняў гвалтавалі, катавалі і забівалі.

"Плавсіч ведала альбо павінна была ведаць, што рабілі сэрбскія сілы, і замест таго, каб супрацівіцца гэтаму, яна публічна ўхваляла зьдейсьненыя злычынствы," – гаворыцца ў заяве Суду.

Аднак, ужо ў часе першага слуханьня, пасьля зачытаньня ёй 9-ці пунктаў абвінавачаньня, Плавсіч заявіла:

(Плавсіч: ) "Шаноўны Суд, я азнаёмілася з абвінавачаньнем учора, зразумела яго поўнасьцю і заяўляю, што я не вінаватая па ўсіх пунктах".

Ейнае дабраахвотнае зьяўленьне ў Гаазе выклікала здагадкі, што існуе нейкая сакрэтная дамова паміж абвінавачанай і Судом; што наўзамен за паказаньні супраць іншых лідэраў, Плавсіч спрабуе зьмякчыць прысуд супраць сябе. Аднак адвакат Крсьцін Сіміч запэўніў, што ягоная кліентка проста хоча ачысьціць сваё імя:

(Сіміч: ) "З поўнай адказнасьцю хачу пацьвердіць, што спадарыня Плавсіч вырашыла дабраахвотна стаць перад судом бяз аніякіх умоваў. Не было ніякіх гутарак наконт дамовы паміж ёю і прадстаўнікамі Трубуналу".

Варта адзначыць, што Більяна Плавсіч, 70-цігадовая біёляг з басьнійскага гораду Тузля, ужо раней зьдзіўляла неспадзяванымі зьменамі пазыцыі. У часе вайны ў гадох 92-95 яна была адным з найбольш кансэрватыўных нацыяналістычных лідэраў басьнійскіх сэрбаў і блізкім супрацоўнікам Радавана Караджыча. Потым пачала дыстанцыявацца ад ультра-нацыяналістаў, пайшла на некаторае супрацоўніцтва з Захадам і ў гадох 96-98 стала прэзыдэнтам Сэрбскай Рэспублікі ў Босьніі. У адпаведнасьці з мірнымі Дэйтанаўскімі пагадненьнямі яна абяцала дазволіць этнічным музульманам і харватам вярнуцца ў свае дамы, аднак сваё абяцаньне ня выканала. Незважаючы на падтрымку з боку ЗША, у 98-м годзе Плавсіч прайграла на выбарах, і ейнае месца заняў яўны нацыяналіст і праціўнік якога-небудзь вяртаньня нясэрбаў Мікола Поплашэн.

Суд над Більянай Плавсіч толькі пачынаецца. Галоўны пракурор Міжнароднага трыбуналу адзначыла, што дабраахвотная здача Більяны Плавсіч – найлепшае для яе выйсьце з сытуацыі. Карля дэль Понтэ заклікала таксама Радавана Караджыча, генэрала Ратко Младзіча, а таксама іншых, каго трыбунал абвінавачвае ў ваенных злачынствах, зрабіць гэтак жа.

XS
SM
MD
LG