Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 студзеня 2001 г.


Юры Дракахруст, Прага

(эфір 9 студзеня)
У Эўропе працягваецца скандал, зьвязаны з так званым "балканскім сындромам" – магчымым узьдзеяньнем на чалавечы арганізм баепрыпасаў з абедненым уранам, якія натаўскія войскі ўжывалі ў ваенных кампаніях у Босьніі і ў Югаславіі.

Сярод жаўнераў краінаў НАТА, што бралі ўдзел у міратворчых апэрацыях на Балканах, распаўсюджваюцца ракавыя захворваньні. Шасьцёра вайскоўцаў ужо памерлі на лейкемію ў Італіі, пяцёра – у Бэльгіі, двое ў Галяндыі, па адным жаўнеры ў Партугаліі і Гішпаніі. Толькі ў апошні час зафіксавана яшчэ тры выпадкі падобных захворваньняў сярод партугальскіх міратворцаў. Прычына гэтых захворваньняў невядомая, але распаўсюджана думка, што справа – у баепрыпасах з абедненым уранам, якія ужываліся падчас апэрацыяў НАТА ў Босніі і Косава.

Уран – цяжкі мэтал, і снарады з уранавай абалонкаю лёгка прабіваюць самаю моцную танкавую браню. Пры гэтым ужываецца ўран зь нізкім узроўнем радыеактыўнасьці – так званы абеднены уран. Паводле папярэдніх разьлікаў, ужываньне зброі гэтага тыпу не павінна прыводзіць да заражэньня і ракавых захворваньняў, але натаўскія жаўнеры, што бралі удзел ў міратворчых апэрыцыях, чамусьці паміраюць на лейкемію.

Як нагадвае Financial Times, пад час баявых дзеяньняў у Косаве ў 1994-95 гадох і ў Югаславіі ў 1999 годзе натаўская авіяцыя скінула каля 12 тонаў бомбаў з утрыманьнем абедненага ўрану. Упершыню гэтая зброя ужывалася ў 1991 годзе пад час вайны ў Пэрсыдзкай затоцы, калі войскі міжнароднай кааліцыі змагаліся супраць уварваньня Іраку ў Кувэйт. Пазьней сярод ветэранаў вайны ў затоцы таксама назіраўся рост ракавых захворваньняў, у чым яны абвінавачвалі Пентагон і міністэрства абароны Вялікай Брытаніі. Паводле меркаваньня мэдыкаў, найбольшую небясьпеку прадстаўляе ўдыханьне ўранавага пылу, які ствараецца пад час патрапленьня баепрыпасу з абедненым уранам ў браню. Аднак дасьледаваньні ўплывовай амэрыканскай карпарацыі РЭНД ня вызначылі якой-небудзь сувязі паміж ракавымі захворваньнямі ветаранаў вайны ў затоцы і іх знаходжаньнем у мейсцах ужываньня баепрыпасаў з абедненым уранам.

З удзельнікамі міратворчых кантынгентаў на Балканах сытуацыя яшчэ больш загадкавая – войскі НАТА ўваходзілі ў Босьнію і ў Косава пасьля завяршэньня бамбаваньняў, гэта значыць, тады, калі ўранавы пыл асеў і верагоднасьць яго ўдыханьня істотна зьнізілася. Да таго ж адмыслоўцы ў ядзерных праблемах і ў пытаньнях ракавых захворваньняў падкрэсьліваюць, што радыеактыўнасьць абедненага ўрану надзвычай нізкая і ня мусіць аказваць ўплыў на стан здароў'я.

Варта адзначыць, што паводле паведамленьня міністэрства аховы здароў'я Югаславіі, сярод грамадзянаў гэтай краіны, якіх ў 1999 годзе натаўская авіяцыя якраз і бамбавала ўранавымі баепрыпасамі, ніякай успышкі ракавых захворваньняў ня выяўлена.

Тым ня менш адміністрацыя ААН ў Косаве на наступным тыдні паведаміць насельніцтву пра мейсцы, дзе ужывалася зброя з абедненым уранам. А сёньня праблема "балканскага сындрому" разглядаецца на паседжаньні Рады НАТА. Партугалія ўжо заявіла, што да лютага вывядзе з Косава ўсіх сваіх жаўнераў-міратворцаў. Мэдычнае дасьледаваньне ўсіх сваіх вайскоўцаў, што праходзілі службу ў міратворчых кантынгентах на Балканах, мае намер правесьці Грэцыя. Дасьледаваньні пройдуць таксама расейскія і ўкраінскія міратворцы. У той жа час Данія, Нямеччына і Вялікая Брытанія адмаўляюцца правесьці такія дасьледаваньні. Прадстаўнік міністэрства абароны Велікай Брытаніі са спасылкаю на міністэрства аховы здароў'я абвесьціў зброю з абедненым уранам бясьпечнай для чалавека.

XS
SM
MD
LG