Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 студзеня 2001 г.


Ігар Карней, Менск

(эфір 9 студзеня)
Цягам сьвяточнага тыдня, ад Новага году да Калядаў, у Беларусі самі пайшлі з жыцьця амаль столькі ж людзей, як за ранейшыя паўгады. Што штурхае пераважна маладых людзей да такога кроку?

Паводле зьвестак з Рэспубліканскага псыханэўралягічнага дыспансэру, што ў Навінках пад Менскам, напярэдадні Новага году і асабліва ў першыя дні году, бадай, як ніколі шмат было надзвычайных выпадкаў на глебе алькагольнага псыхозу ды суіцыдальнага сындрому.

За апошнія пяць гадоў Беларусь практычна наблізілася да лідэраў у сумнай статыстыцы суіцыдаў. Калі параўнаць з пачаткам 1990-х, колькасьць самагубстваў вырасла амаль у 10 разоў і складае цяпер больш за 50 чалавек на 100 000 насельніцтва.

З былых экс-савецкіх рэспублік большы паказчык толькі ў Літве, якая, дарэчы, дзеліць эўрапейскае лідэрства разам са Швэцыяй. Беларусь — у першай дзясятцы. Падобна, што стэрэатып беларусаў як людзей памяркоўных патрабуе сур'ёзных карэктываў.

Вось што мяркуе з гэтай нагоды псыхоляг Тамара Сотнікава.

(Сотнікава: ) "Гэта адмысловая праблема — калі агрэсія накіраваная на самога сябе. Тады чалавек знаходзіць надзвычайны спосаб разьвязаньня жыцьцёвых цяжкасьцяў, думаючы, што няма шанцаў на выхад з тупіковай сытуацыі.

Саму зьяву можна разглядаць з розных бакоў: сацыяльна-эканамічнага, сацыяльна-палітычнага і нават зь меркаваньня, што на мяжы стагодзьдзяў адбываюцца пераломныя працэсы як у жыцьці чалавецтва і канкрэтнага грамадзтва, гэтак і на ўзроўні канкрэтнага чалавечага лёсу".

Як паказвае досьвед, найбольш схільныя да суіцыду маладыя людзі, якія альбо маюць заганныя звычкі (наркаманія, алькагалізм), альбо атрымалі моцны стрэс.

Дагэтуль рэхам аддаецца трагедыя на Нямізе: ужо некалькі падлеткаў, якія згубілі ў той цісканіне сяброўку ці сябра, зрабілі сабе сьмерць. Псыхолягі тлумачаць гэта тым, што яны сталі ахвярамі навязьлівай ідэі, вінавацячы менавіта сябе ў сьмерці блізкага чалавека. Дарэчы, няўдалае альбо непадзеленае каханьне — адзін з найраспаўсюджаных матываў самазабойцаў.

Усё большай навалай робіцца і сацыяльны фактар: моладзь ды нават дастаткова сталыя людзі ня бачаць, як можна рэалізаваць сябе ў жыцьці. Адсутнасьць пэрспэктываў, немагчымасьць добра працаўладкавацца і, адпаведна, мець прыстойныя сродкі для жыцьця абвастраюць магчымыя псыхічныя адхіленьні.

Урэшце, трэці фактар падмацаваны асобнымі рэлігійнымі плынямі, якія ледзьве не штогод абяцаюць "канец сьвету". Гэтым разам, так бы мовіць, "нагода" была надзвычай важкая — зьмена тысячагодзьдзяў з абавязковым "наборам пакутаў" для грэшнікаў. Праўда, прыхільнікаў у такіх "прадказальнікаў" няшмат. Але агульнай сытуацыі гэта не зьмяняе.

XS
SM
MD
LG