Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 студзеня 2001 г.


Валер Каліноўскі, Менск

Прадстаўніцтва ААН у Беларусі апублікавала Нацыянальную справаздачу пра чалавечае разьвіцьцё ў 2000 г. пад назваю "Беларусь: выбар шляху". Паводле індэксу разьвіцьця чалавечага патэнцыялу, Беларусь займае 57-е месца ў сьвеце. Гэта адзін з найлепшых паказчыкаў сярод краінаў СНД.

Апошнім часам індэкс разьвіцьця чалавечага патэнцыялу паступова падвышаўся: у 1999 годзе ён складаў 0,782. На думку аўтараў справаздачы, дасьледчыкаў з афіцыйных і няўрадавых інстытутаў, Беларусь спынілася на раздарожжы ў пошуку аптымальнай мадэлі разьвіцьця ды пакутуе з прычыны ўнутраных супярэчнасьцяў.

Справаздача каштоўная тым, што падрыхтавалі яе вельмі розныя аўтары з афіцыйных і недзяржаўных беларускіх дасьледчыцкіх цэнтраў. Яны не прапануюць адзінага рашэньня — што рабіць далей. Адзінага меркаваньня пра гэта няма і ў самым беларускім грамадзтве. Але ніхто з аўтараў справаздачы не сумняваецца ў неабходнасьці пераўтварэньняў.

Гаворыць кіраўнік Прадстаўніцтва ААН у Рэспубліцы Беларусі Ніл Бунэ:

(Бунэ: ) "Усе аўтары гавораць пра неабходнасьць рэформаў і прызнаюць, што калі цяперашняя палітыка будзе працягвацца, то немагчыма будзе захаваць тыя перавагі і станоўчыя бакі, якія ёсьць у Беларусі".

"Рэформы, што ажыцьцяўляліся ў Беларусі ў 2000-м, былі менш пасьпяховымі за рэформы ў іншых краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Яны ня толькі ня вырашылі праблемаў савецкага мінулага, але стварылі і шмат новых цяжкасьцяў", — прызнаюць аўтары справаздачы.

Нават назва справаздачы — "Беларусь: выбар шляху" сьведчыць, што краіна на скрыжаваньні.

Прадстаўнікі ж беларускай улады ўпэўненыя ў правільнасьці сваіх дзеяньняў ды сьцьвярджаюць, што ведаюць далейшы шлях разьвіцьця краіны. Гаворыць дырэктар Інстытуту эканомікі Анатоль Багдановіч:

(Багдановіч: ) "Сацыяльна арыентаваная рынкавая эканоміка фармуецца, галоўная мэта нашага разьвіцьця — гэта павышэньне ўзроўню жыцьця насельніцтва. Вызначаныя прыярытэты разьвіцьця, пра якія гаварыў прэзыдэнт, зыходзячы з нашай праграмы".

Разам з тым, як вынікае з Нацыянальнай справаздачы пра чалавечае разьвіцьцё, Беларусь цяпер ёсьць выпрабавальным палігонам для розных сацыяльных і эканамічных парадоксаў. Гаворыць навуковы рэдактар справаздачы і кіраўнік Аналітычнага цэнтру "Стратэгія" Леанід Заіка:

(Заіка: ) "Парадаксальна, што Беларусь сапраўды мае парамэтры чалавечага разьвіцьця вышэйшыя за краіны СНД ў цэлым, і тое, што гэта ёсьць вынікам супярэчлівага ходу разьвіцьця. А вось структурай эканомікі мы нагадваем Свазіленд".

Прадстаўнік ААН у Беларусі Ніл Бунэ адным зь відавочных беларускіх парадоксаў назваў неадпаведнасьць між высокім ростам сукупнага ўнутранага прадукту і нізкім — працоўных даходаў грамадзянаў.

У 46% насельніцтва жыцьцёвы ўзровень ніжэйшы за спажывецкі мінімум. Расьце колькасьць моладзі, што атрымлівае вышэйшую адукацыю. Але адначасова зьмяншаецца адсотак моладзі, якая атрымлівае сярэднюю. Жанчыны маюць больш высокі ўзровень адукацыі за мужчынаў, але іхны заробак прыкладна на 15% меншы за заробак мужчынаў.

Улады кажуць пра сацыяльны мір і стабільнасьць, але Беларусь застаецца на трэцім месцы ў сьвеце па колькасьці зьняволеных на 100 000 насельніцтва. Беларускія турмы перапоўненыя на 40%. Кожны пяты беларус памірае ў працаздольным веку . Мінулым дзесяцігодзьдзем колькасьць захворваньняў у краіне вырасла на 40%.

"Беларусь нібы застыла ў выбары таго, ці ісьці далей па шляху стварэньня інстытутаў рынкавага тыпу, ці вярнуцца да мадэлі плянавай гаспадаркі", — піша дасьледчык Віктар Пінігін. Гэтая няпэўнасьць трымаецца ўжо некалькі гадоў, што на фоне глябалізацыі можа прывесьці да таго, што Беларусь застанецца ў баку ад міжнароднай гаспадарчай сыстэмы.

XS
SM
MD
LG