Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 студзеня 2001 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Найпершым у новым стагодзьдзі ў Менску нарадзіўся Сяргей Латушкін. Афіцыйна ж назвалі іншага дзіцёнка, і іншай сям'і дасталіся абяцаныя Менскім гарвыканкамам падарункі. Адбылося гэтак толькі таму, што ў пашпарце Сяргеевай маці няма штампу менскай прапіскі.

Сапраўднага першынца ХХІ стагодзьдзя і трэцяга тысячагодзьдзя нарадзіла ў Менску Вера Лобас. Вось што яна распавяла сёньня нашаму радыё:

(Лобас: ) "Я нарадзіла сынка свайго ўначы, у 2 гадзіны 15 хвілінаў 1 студзеня 2001 году. Я ўзрадавалася, падумала, што мой сын, відаць, будзе шчасьлівым чалавекам, што нарадзіўся найпершы.

Яшчэ нам паведамілі, што першым нованароджаным зьбіраюцца даваць падарункі. 5 студзеня да нас у шпіталь прыехаў мэр Менску Паўлаў. І вось нас, маці, сабралі ды абвясьцілі, што найпершым нарадзіўся іншы хлопчык. У 4 гадзіны 23 хвіліны.

Пачалі ўручаць некаторым жанчынам тэлевізары, халадзільнікі. Але ня мне. Затым пачалі фатаграфаваць. У маіх вачох ужо тады былі крыўда і сьлёзы — хацелася кінуць ды пайсьці".

Што ж адбылося? Чаму абразілі гэтую 32-гадовую жанчыну, якая нарадзіла ў навагоднюю ноч сваё пятае дзіця? З такімі пытаньнямі я зьвярнуўся да кіраўніцы аддзелу ў пытаньнях маці і дзяцей Камітэту аховы здароўя пры Менгарвыканкаме Ірыны Ушакевіч:

(Ушакевіч: ) "Яна нам сказала, што не зьяўляецца жыхаркай Менску. Для таго, каб адзначыць неяк гэтую сям'ю, мы ўручылі ім камплект бялізны. Таксама каштуе нямала.Я ня бачу тут нічога надзвычайнага. У нас дзяржава бедная. І што змагла дзяржава, тое яна зрабіла".

Зрэшты, спадарыня Ўшакевіч падкрэсьліла, што ня ёй належыць ініцыятыва гэткага ўшанаваньня першынца тысячагодзьдзя.

Насамрэч здарылася вось што. Вера Лобас паведаміла, што яна нарадзілася ў Менску, але зараз прапісаная ў Гомельскай вобласьці. Там яна жыла, але загінуў першы муж, і два гады таму жанчына выйшла другі раз замуж — за жыхара Менску Сяргея Латушкіна. Відавочна, што прапісаць у сталіцы шматдзетную маці ніхто не жадае, але ж яна, паводле ейных словаў, тут працуе, плаціць гораду падаткі.

Дарэчы, сёньня, на дзясяты дзень пасьля народзінаў дзіцяці, Вера Лобас ужо выйшла на працу. Яна працуе гандляркай. Паводле ейных словаў, трэба зарабляць грошы, каб карміць дзяцей. Як зазначыла спадарыня Лобас, яна гэткая не адзіная ў Менску і ў краіне. Тысячы беларускіх жанчын мусяць пакідаць ў хаце немаўлят і зарана выходзіць на працу.

Веру Лобас нават на працы, дзе я зь ёю спаткаўся, клапоціць несправядлівае, на яе думку, стаўленьне сталічных уладаў да яе малодшага сына:

(Лобас: ) "Ён жа беларус. Мы ж беларусы. Калі б я прыехала з Расеі ці Ўкраіны, мяне б гэта ня так абурала. Чалавек у нас ня мае аніякіх правоў.

Адзінае, што мяне цешыць: мой Сярожка, у якога сёньня 10-дзённы юбілей, расьце, як мне здаецца, вельмі хутка і выглядае бадзёрым. Спадзяюся, што надыдзе лепшы час, і праўда ўсё роўна пераможа".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG