Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 09 студзеня 2001 г.


Алена Ціхановіч, Прага

Рада Чэскага тэлебачаньня не адрэагавала на рашэньне парлямэнту адхіліць ад пасады генэральнага дырэктара Іржы Годача. Прызначэньне яго на пасаду выклікала страйк журналістаў і гучны палітычны скандал.

Сам Годач таксама не падае ў адстаўку, нягледзячы ні на меркаваньне прэзыдэнта, ні на меркаваньні палітыкаў, ні на масавую дэманстрацыю падтрымкі журналістаў-апазыцыянэраў.

Пра што сьведчыць гэтая сытуацыя – слабасьць ці разьвітасьць чэскай дэмакратыі? Алена Ціхановіч цікавілася меркаваньнямі чэскіх і замежных журналістаў.

Як вы мяркуеце, чаму Іржы Годач, які так доўга застаецца "адмоўным" героем гэтага сканадалу, не падасьць у адстаўку добраахвотна? — гэтае пытаньне я задала сёньня чэскаму журналісту, супрацоўніку газэты "Mlada Fronta dnes" Марціну Камарэку:

(Камарэк: ) "Пан Годач стаў фігурай гульні Грамадзянскай дэмакратычнай партыі, якая хоча сытуацыю вакол тэлебачаньня працягнуць, каб зьменшыць маштабы сваёй паразы ў галасаваньні парлямэнту. Другая прычына – псыхалягічная. Ён апынуўся ў вельмі напружанай сытуацыі, напружаным баі, а ў такім баі чалавек ня бачыць направа-налева, але хоча выйграць, і калі ўсе астанія бачаць, што выйграць не можа," – лічыць Марцін Камарэк.

Нагадаю, што Годача , былога чэскага эмігранта, былога супрацоўніка чэскай рэдакцыі Бі-Бі-Сі, лічаць стаўленікам былога прэм'ера Вацлава Клаўса – цяпер старшыні ўжо згаданай ўрадавай Грамадзянскай партыі. Клаўс, які цяпер зьяўляецца сьпікерам парлямэнту, неўзабаве можа прэтэндаваць на пасаду прэзыдэнта. Цяпер многія камэнтатары называюць тэлевізійную спрэчку палітычнай спрэчкай паміж двума Вацлавамі – Вацлавам Клаўсам і Вацлавам Гавэлам.

"Крыху спрошчана спрэчку паміж двума Вацлавамі можна патлумачыць іх рознымі палітычнымі ўяўленьнямі, – лічыць аўтар сёньняшняга камэнтару ў аўстрыйскай газэце Die Presse. – Гавэл – прыхільнік адкрытага грамадзства, у якім ўяўна бясьсільныя павінны быць моцнай супрацьвагай палітычным партыям. Клаўс наадварот адстойвае парлямэнцкую дэмакратыю з моцнымі партыямі, якія б стваралі ўмовы для функцыянаваньня выключна прыватных прадпрыемстваў. Намаганьні абодвух палітыкаў гадамі накіраваныя ў супрацьлеглым накірунку. Чэскі прэзыдэнт, аднак, у адрозьненьне ад Клаўса, у вачах грамадзскасьці мае большы аўтарытэт", – адзначае сёньня аўстрыйская Die Presse.

Такім чынам, цяперашні канфлікт вакол тэлебачаньня ўжо мала хто з камэнтатараў называе змаганьнем за свабоду слова. Марцін Камарэк адзначае, што журналісты, паўстаўшы супраць ўплыву партыі Клаўса, таксама праявілі свае палітычныя сымпатыі. Ён згадвае, як на падтрымку журналістаў, што забарыкадаваліся ў будынку тэлебачаньня, са сваім спальным мяшком на адну ноч прыйшоў Ян Румл – колішні аднапартыец, а цяпер апанэнт Клаўса, прадстаўнік "Уніі Свабоды":

(Камарэк: ) "Гэтая набліжанасьць палітыкаў кааліцыі чатырох і Праскага Граду да страйкуючых рэдактараў была, на мой густ, празьмернай і таму, мяркую, што калі задума іх і была добрай і змагаліся яны за справядлівасьць, было б ўсё ж лепш каб прынамсі іх лідэры, якія найбольш "засьвяціліся" на экране, з тэлебачаньня пайшлі".

Калі палітычныя і асабістыя матывацыі паводзінаў журналістаў сталі так відавочнымі, чаму, спытала я Марціна Камарэка, грамадзскасьць так масава іх падтрымала? Так, 3 студзеня арганізатары дэманстрацыі на Вацлаўскай плошчы падалі заяўку на тысячу чалавек, а прыйшло іх каля ста тысяч?

(Камарэк: ) "Па-першае, у грамадзстве вялікая незадаволенасьць дзвюхпартыйным урадам. Другі момант – яўна фанабэрыстыя, несымпатычныя паводзіны як палітыкаў Грамадзянскай партыі, як сябраў тэлевізійнай рады, так і дырэктара Годача, што выклікала эмацыйную рэакцыю. Ну і апошняе, немалаважнае, што на дэманстрацыю заклікалі папулярныя, усеагульна любімыя і паважаныя асобы, як, напрыклад, актор і рэжысэр Сверак. А такія заклікі сёньня людзі чуюць".

Некаторым камэнтатарм крызыс на Чэскім тэлебачаньні даў падставы гаварыць пра слабасьць чэскай дэмакратыі і нават параўноўваць Чэхію з Сэрбіяй ці Беларусьсю. Што паводле чэскага журналіста Марціна Камарэка адлюстроўвае гэты крызіс – сілу ці слабасць чэскай дэмакрытыі?

(Камарэк: ) "Хутчэй сілу, таму што дагэтуль, як я мяркую, да ніякага недэмакрытчнага рашэньня ніхто не зьвярнуўся і ня хоча зьвярнуцца. Здаецца, сытуацыя вакол тэлебачаньня вырашаецца ў межах закону і здаровага сэнсу. Магчыма, прадстаўнікі Грамадзянскай партыі ці прэм'ер Мілаш Зэман будуць казаць нешта іншае, але я гэта ўспрымаю як доказ сілы дэмакратыі".

XS
SM
MD
LG