Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 студзеня 2001 г.


Аляксандар Сердзюкоў, Магілеў

На гэтым тыдні магілеўскіх журналістаў, якія па традыцыі зьявіліся на апэратыўныя нарады аблвыканкаму і гарвыканкаму, чакалі зачыненыя дзьверы. Сёлета магілеўскія чыноўнікі вырашылі праводзіць нарады на ўзроўні намесьнікаў старшыняў выканкамаў, на якіх ня маюць права прысутнічаць журналісты як дзяржаўных, гэтак і недзяржаўных мэдыяў.

Першапачаткова прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі, сярод якіх былі журналісты абласнога радыё і тэлебачаньня, уласны карэспрандэнт "Советской Белоруссии", не змаглі атрымаць адказ на пытаньне, чаму яны ня могуць прысутнічаць на нарадах. Пасьля начальнік управы інфармацыі гарвыканкаму патлумачыў, што папярэдне нарады адмененыя, і ён даручыў сваім падначаленым папярэдзіць журналістаў пра такое рашэньне. Аднак ніхто з журналістаў такой інфармацыі не атрымаў. Як заявілі кіраўнікі гораду і вобласьці, з гэтага часу вэртыкаль пераходзіць на новую сыстэму працы з прэсай.

Паводле афіцыйнага рашэньня, журналісты могуць атрымаць інфармацыю па двух каналах: або замовіць прэсавую канфэрэнцыю з удзелам таго ці іншага чыноўніка выканкаму, або а 12 гадзіне атрымаць інфармацыю з вуснаў намесьніка старшыні гарвыканкаму па ідэалёгіі Ўладзімера Васільчанкі. Журналіст можа паразмаўляць і з намесьнікам старшыні гарвыканкаму, аднак для гэтага трэба патэлефанаваць начальніку ўправы інфармацыі і запытаць, ці вольны чыноўнік у той ці іншы дзень, што на практыцы азначае ўвядзеньне сыстэмы дазволу.

Аднаго разу на месяц можна паразмаўляць і з мэрам Магілеву, калі ён на нарадзе будзе падводзіць вынікі месяцу. Чыноўнікі кажуць, што плянёркі – частка апаратнай працы, і таму журналістам на іх няма чаго рабіць. Тым ня менш той жа мэр Магілеву Міхаіл Красноў заявіў, што часам журналісты тлумачаць інфармацыю ня так, як трэба. Паскардзіўся ён і на тое, што на нарадах пры журналістах ня можа як належыць "адчытваць" таго ці іншага чыноўніка.

Многія зьвязваюць такое рашэньне з нядаўняй нэгатыўнай ацэнкай кіраўнікоў выканаўчай улады вобласьці, якая прагучала з боку Камітэту дзяржаўнага кантролю вобласьці. Кажуць, што інфармацыю камітэту падкінулі менавіта журналісты, дый самі супрацоўнікі гарвыканкаму адзначаюць, што іншым разам на нарадах іх кіраўнікі выдаюць такую інфармацыю, за якой журналістам трэба было б бегаць і бегаць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG