Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 студзеня 2001 г.


Юры Сьвірко, Менск

Амбасада ЗША ў Менску зрабіла адмысловую заяву з нагоды інтэрвію амбасадара М.Козака Беларускай тэлевізіі, якое было запісанае ажно 21 сьнежня, але не пайшло ў эфір, бо кіраўніцтва БТ палічыла яго "творчай няўдачай".

Амэрыканскі амбасадар у Беларусі М.Козак вымушаны чакаць. Амаль тры месяцы ён чакае сустрэчы з А.Лукашэнкам, якому гатовы ўручыць даверчыя лісты, а яшчэ амаль тры тыдні спадар Козак чакаў, пакуль Беларуская тэлевізія пакажа запіс інтэрвію зь ім, пра якое само й прасіла.

Амбасадар Козак пакуль так і не дачакаўся ані сустрэчы з Лукашэнкам, ані дэманстрацыі інтэрвію, таму сёньня амбасада ЗША ў Менску распаўсюдзіла адмысловую заяву, якую для Радыё Свабода агучыў супрацоўнік інфармацыйнае службы амбасады Аляксей Саламаха.

(Саламаха: ) "Амбасада ЗША атрымала просьбу пра інтэрвію з паслом Козакам ад аўтара адной зь міжнародных праграмаў Беларускай тэлевізіі амаль за два тыдні да таго, як адбыўся запіс. Гэта азначае, што ў кіраўніцтва Беларускай тэлевізіі было дастаткова часу, каб перагледзець папярэдні сьпіс пытаньняў, які быў атрыманы амбасадай.

Пасол Козак прыехаў на студыю Беларускай тэлевізіі для запісу праграмы ў чацьвер 21-га сьнежня, і амаль дзьве гадзіны дэталёва адказваў на пытаньні, што тычыліся як беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў, так і мінулых прэзыдэнцкіх выбараў у Злучаных Штатах. Дарэчы, гэтая тэма прыцягвала вялікую ўвагу Беларускай тэлевізіі і запрошаных аналітыкаў на працягу некалькіх тыдняў".

Аднак гісторыя з інтэрвію амбасадара Козака атрымала нечаканы працяг.

(Саламаха: ) "У пятніцу 22-га сьнежня, калі інтэрвію павінна было выйсьці ў эфір, з гутаркі з кіраўніцтвам АТН мы даведаліся, што інтэрвію ня можа быць паказана ў той дзень, бо, як было сказана, гэта вельмі вялікі матэрыял, які яшчэ трэба было апрацоўваць.

У далейшых размовах, як перад, так і пасьля новага году, амбасадзе было заяўлена, што гэтае інтэрвію было "творчай няўдачай", і таму ня можа быць паказана. Мы паінфармавалі кіраўніцтва БТ і суразмоўцаў пасла Козака, аб тым, што мы лічым пытаньні, узьнятыя пад час інтэрвію, важнымі для нашых двухбаковых дачыненьняў, а таксама лічым, што яны прадстаўляюць інтарэс для беларускіх гледачоў. Мы таксама сказалі, пра тое, што зьбіраемся апублікаваць тэкст інтэрвію на сайце амбасады ў інтэрнэце".

(Сьвірко: ) "І гэта ўжо на сайце ёсьць?"

(Саламаха: ) "Так, на ангельскай мове".

Для тых, хто чытае па-ангельску, нагадаем адрас гэтае амбасады ў Інтэрнэце: www.usembassy.minsk.by. На галоўнай старонцы трэба клікнуць на слова "NEW" — там зьмешчаны поўны тэкст інтэрвію амбасадара Козака.

XS
SM
MD
LG