Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 студзеня 2001 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Мінулай суботай Літва спрасьціла парадак выдачы візаў для грамадзянаў Беларусі й некаторых іншых краінаў. Цяпер беларусы могуць атрымліваць літоўскія візы без спэцыяльнага запрашэньня, зацьверджанага ў міграцыйнай службе гэтай краіны.

Прэсавая служба ўраду Літвы паведаміла, што спрошчаны парадак атрыманьня візаў уведзены для грамадзянаў Беларусі, Расеі, Украіны, Малдовы, Казахстану й Тайваню.

Цяпер, каб атрымаць візу, грамадзянам Беларусі трэба толькі даказаць, што яны маюць дастаткова сродкаў для побыту на тэрыторыі Літвы (з разьліку 40 даляраў ЗША адзін дзень побыту). Паводле кіраўніка Консульскага аддзелу амбасады Літвы ў Беларусі Лінаса Валянткявічуса, беларускія грамадзяне з 6 студзеня павінны прадставіць у амбасаду так званы падарожны чэк (трэвэл-чэк) на адпаведную суму — і могуць свабодна атрымаць візу на ўезд.

Візы без запрашэньня выдаюцца консульскімі службамі Літвы тэрмінам да 30 сутак, а для грамадзянаў Малдовы — да 10 сутак. Гэтае новаўвядзеньне таксама тычыцца й тых беларусаў, што едуць у Літву да сваіх хворых сваякоў, на пахаваньне, альбо раз на год наведваюць магілы блізкіх. Літоўскія фірмы, якія хочуць запрасіць сваіх беларускіх партнэраў, могуць цяпер гэта зрабіць факсавым паведамленьнем і не павінны рэгістраваць сваё запрашэньне ў міграцыйнай службе.

Атрымліваць літоўскія візы ў спрошчаным парадку таксама будуць прадстаўнікі дабрачынных арганізацыяў і арганізаваныя турыстычныя групы. Пры гэтым літоўскія візы сталі больш таннымі — напрыклад, аднаразовая віза цяпер каштуе 10 даляраў.

Візавы рэжым паміж Літвою й Беларусьсю быў уведзены ў 1994 годзе. І вось больш чым праз шэсьць гадоў парадак стаў мяняцца. Гаворыць загадчыца аддзелу друку Дэпартамэнту інфармацыі й культуры Міністэрства замежных справаў Літвы Дайва Машуйскітэ:

(Машуйскітэ: ) "Усе краіны імкнуцца дасканаліць свой візавы рэжым, а Літва зацікаўленая, каб разьвіваўся турызм і прадпрымальніцкія сувязі. Зь іншага боку, пакуль чалавек атрымліваў тэлеграму, якая раней павінна была быць завераная ў натарыюса, што ягоны блізкі памёр, ці вельмі хворы — гэта займала шмат часу, а цяпер гэта ўсё спрошчана. Мы зацікаўленыя, каб турызм разьвіваўся, а турысты з Расеі, Украіны й Беларусі — яны заўсёды любілі літоўскае ўзмор'е".

А паводле консула амбасады Літвы ў Менску Лінаса Валянткявічуса, пастанова літоўскага ўраду ня ёсьць апошняй крокам у справе спрашчэньня візавага рэжыму паміж дзьвюма краінамі. Прадстаўнікі зьнешнепалітычных ведамстваў Літвы й Беларусі працягваюць перамовы, і ня выключана, што парадак выдачы візаў можа быць яшчэ больш спрошчаны.

XS
SM
MD
LG