Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 студзеня 2001 г.


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

"Беларусь – 100 пытаньняў, 100 адказаў" – так называецца сэрыя матэрыялаў, якія сёньня распачала друкаваць янаўская раённая газэта "Чырвоная зьвязда". Са знакамітай гістарычнай працай гэтую публікацыю аб'ядноўвае толькі назва, бо ў раёнцы спэцыялісты з адміністрацыі прэзыдэнта тлумачаць перавагі беларускага дзяржаўнага ладу ды прагназуюць хуткі пачатак росквіту краіны.

Цікава, што публікацыю ў янаўскай газэце, пачынае не пытаньне пра Полацкае княства ці пачаткі ВКЛ, а пытаньне (цытата) "Які сэнс укладаецца ў паняцьце "пераходны пэрыяд" Рэспублікі Беларусь. Куды ці да чаго мы пераходзім?" Ніжэй падаецца адказ, зь якога чытачы мусяць усьвядоміць, што Беларусь разьвіваецца паводле адмысловай беларускай мадэлі і "у рэспубліцы зараз заканчваецца этап мадэрнізацыі пераходнага пэрыяду", гэта значыць другі этап пасьля лібэралізацыі. Трэці этап, паводле аўтараў, мае надыйсьці ў хуткім будучым – гэта этап эканамічнага ўздыму.

Мы пацікавіліся ў галоўнага рэдактара янаўскай раёнкі Валерыя Міхальчука, хто ж ёсьць аўтарам гэткіх аптымістычных эканамічных прагнозаў:

(Міхальчук: ) "Інстытут сацыяльна-эканамічных дасьледаваньняў пры адміністрацыі прэзыдэнта РБ".

Міхальчук таксама запэўніў, што ў хуткім часе ўсе раёнкі пачнуць друкаваць тое ж самае.

Напрыканцы адказу на шостае пытаньне спэцыялісты з адміністрацыі прэзыдэнта папікаюць Захад і апазыцыю тым, што (цытата) "яны з грэблівасьцю ставяцца да працэсаў, што адбываюцца ў нашай дзяржаве і імкнуцца пераканаць усіх, што прэзыдэнт Беларусі дыктатар, які абапіраецца на сваіх вэртыкальшчыкаў".

Згаданы артыкул цалкам напісаны па-беларуску, і толькі перад словам апазыцыя ўжываецца словазлучэньне па-расейску "так называемая".

А тым часам у пінскім аддзеле адукацыі на падставе загаду міністэрства адукацыі ад 19 сьнежня летась ужо склалі плян мерапрыемстваў, які мае на мэце (цытата) "удасканаленьне прапагандысцкай работы ва ўстановах адукацыі". Паводле пляну кіраўнікі адукацыйных установаў мусяць штотыдзень праводзіць для настаўнікаў, а настаўнікі ў сваю чаргу для вучняў, нешта накшталт палітінфармацыяў, каб тыя правільна разумелі дзейнасьць ворганаў дзяржаўнага кіраваньня ды мясцовых уладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG